Мікалаю Дзядку пагражае падаўжэнне тэрміна зняволення
Супраць палітвязня Мікалая Дзядка, якога маюць вызваліць праз два месяцы, завялі новую крымінальную справу нібыта за «непадпарадкаванне», што пагражае яму яшчэ годам зняволення.
«Цяпер майго сына абвінавачваюць у парушэнні формы адзення. І за гэта яму новы тэрмін?! Яшчэ Вярхоўны суд СССР указваў на тое, што парушэнне формы адзення ня можа быць падставай для крымінальнай справы за непадпарадкаванне адміністрацыі ці парушэнне рэжыму адбыцця пакарання», – піша ў адкрытым лісце да кіраўніцтва дэпартаменту выканання пакаранняў МУС маці палітвязня Валянціна Дзядок.
Маці палітвязня непакоіцца за здароўе сына, які мае хранічнае захворванне і шмат разоў ляжаў у медычнай частцы. Таксама Валянціна Дзядок паведамляе, што апошнім часам яе сын стаў ахвярай правакацыяў, з-за чаго мусіў напісаць заяву аб змяшчэнні яго ў адзіночную камеру.
Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 года зняволення паводле абвінавачання ў хуліганскіх дзеяннях адносна афіцыйных будынкаў. Праваабаронцы ў Беларусі і свеце прызналі Мікалая Дзядка палітвязнем. На судзе Мікалай Дзядок не прызнаў сябе вінаватым і дагэтуль адмаўляецца падпісваць прашэнне аб памілаванні.
Паводле Радыё Свабода
Post new comment