Сябру незалежнага прафсаюза адмовілі ў аднаразовай матэрыяльнай дапамозе
Сябру Свабоднага прафсаюза Беларускага Леаніду Бараненку, які звярнуўся ў бабруйскі суд, адмовілі ў пазоўных патрабаваннях. Нагадаем, што былы працоўны заводу ТДіА, а зараз пенсіянер, хацеў дамагчыся выплаты аднаразовай матэрыяльнай дапамогі, згодна з калектыўнай дамовай.
Яе выплочваюць толькі сябрам афіцыйнага прафсаюзу АСМ. Леанід Бараненка лічыць такое размеркаванне завадскіх грошай, заробленых усімі працоўнымі, дыскрымінацыйным.
Суддзя Алена Манкевіч патлумачыла адмову ў пазове тым, што "свабодавец" не паспеў звярнуцца ў суд у вызначаныя тэрміны. Да суда Леанід Бараненка таксама скардзіўся ў інспекцыю па працы і пракуратуру. Віктар Гаўрыкаў, бабруйскі пракурор, вынес адміністрацыі ТДіА пратэст, але завадскія юрысты аспрэчылі яго ў абласной пракуратуры, паведамляе spring96.org
“Мне сказалі, што я не паспеў па тэрмінах, што трэба было падаць у суд адразу пасля выхаду на пенсію. Але адкуль я пра гэта ведаў? – абураецца Леанід Бараненка. – Нас паставілі ў пазіцыю "нахлебнікаў", нібыта мы, сябры СПБ, жадаем адабраць грошы ў сябраў прафсаюза АСМ. Але гэта не так, гэтыя грошы зарабілі ўсе мы, хто працуе на ТДіА. І несправядліва, што толькі з-за прыналежнасці да Свабоднага прафсаюза я не магу іх атрымаць”.
Post new comment