Мінчукі ўсклалі кветкі да шыльды Кастусю Каліноўскаму (ФОТА)
Ушанаванне памяці Кастуся Каліноўскага адбылося на аднайменнай вуліцы, дзе нядаўна ўсталяваная шыльда ў гонар нацыянальнага героя. Менавіта сёння, 2 лютага, 177-я гадавіна з дня ягонага нараджэння.
Усклалі кветкі і запалілі свечку актывісты Руху “За Свабоду” разам з першым намеснікам старшыні Юрасём Губарэвічам, мастак Мікола Купава і неабыякавыя да памяці героя мінчукі.
“Мікола Ермаловіч казаў, што дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага трэба адзначаць рэгулярна і маштабна, і мы па магчымасці гэтаму запавету верныя. Але з іншага боку такую шыльду ніякі самадзейнік не паставіць. Гэта зроблена з ініцыятывы Мінгарвыканкама”, - адзначыў Мікола Купава.
Мастак узгадаў, што ў 1988 годзе, калі ўсталявалі шыльду ўпершыню, тут на адкрыцці была процьма народу. Потым шыльда знікла. І вось паўтары гады таму павесілі гэтую новую шыльду. Яе ўсталявалі без урачыстасцяў, незаўважна.
Юрась Губарэвіч заўважыў, што пакуль шанавання Каліноўскага з боку ўладаў не назіраецца, хутчэй наадварот:
“З аднаго боку ў Мінску ўсталявалі шыльду (хаця постаць Каліноўскага безумоўна заслугоўвае помніка), з іншага боку ўдзельнікі акцыі памяці на радзіме Каліноўскага ў Свіслачы спазналі адміністратыўны пераслед. Вось так улада дэманструе сваё стаўленне да памяці нацыянальнага героя”.
“Праз пару год памяць пра Каліноўскі будзе надзвычай актуальна, тады можа і ўшануюць яго годным чынам”, - выказаў меркаванне ўдзельнік ускладання кветак Максім.
Post new comment