“Я не збіраўся станавіцца дармаедам – а прыйшлося”
Беспрацоўны жыхар Магілёва Аляксей Паўлоўскі занятку сабе знайсці ня можа амаль тры гады. Як ён сцвярджае, куды ні звернецца, усюды яму адмаўляюць ва ўладкаванні. Кажа, што церпіць праз змаганне за правы працоўных. Прызнаецца, што цяпер сам рызыкуе стацца “дармаедам”.
“Я не збіраўся станавіцца дармаедам. Дармаеды, яны ж не па сваёй волі дармаеды”, – тлумачыць сваё бачанне сітуацыі з сацыяльным утрыманствам Паўлоўскі.
“З кім кантракт не падоўжылі, каго не бяруць на працу з нейкай надуманай ці палітычнай прычыны, ці за прафсаюзную дзейнасць. Наймальнік у сувязі з тым, што людзі на кантрактнай сістэме, парушае правы найманых працаўнікоў. Вось яны і баяцца, што я магу арганізаваць людзей бараніць свае правы”.
Тым часам афіцыйныя асобы заяўляюць, што найперш возьмуцца ў барацьбе з дармаедамі за тых, хто працуе за мяжой і ня плаціць падаткаў, але карыстаецца сацыяльнымі льготамі на радзіме.
“У горадзе каля дзесяці тысяч чалавек, якія выпадаюць з поля зроку падатковых службаў і астатніх. Таму ўзнікае пытанне: “А чым займаюцца гэтыя дзесяць тысяч чалавек?” – задае рытарычнае пытанне супрацоўнік службы занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва:
“Вядома ж, значная іх частка ў горадзе не жыве. Тут прапісаныя. Але дэ-факта маюць кватэру ў Мінску ці Маскве. Жывуць у гэтых гарадах, але падаткаў ня плацяць. Стаіць пытанне – выявіць гэтых людзей і прымусіць іх працаваць”.
Яшчэ адзін жыхар Магілёва, Сяргей, даўно свядома не працуе. Цвердзіць, што ня можа знайсці працы па сваіх здольнасцях. Мае дыплом інжынера. Перабіваецца часовымі заробкамі. Не хавае, што за кватэру мае шматмільённую запазычанасць. Трапіць у дармаеды, прызнаецца, яму сорамна:
“Скажуць мне працаўладкоўвацца – пайду ўладкуюся на працу афіцыйную. Скажуць плаціць – буду неяк вымяркоўваць. Мо, дачцэ недзе не даплачу капейчыну. Ад іх жа нікуды не схаваешся. Дзяржаву ж нашу яшчэ ніхто не абдурыў з простых людзей, – разважае Сяргей пра магчымыя наступствы для сябе ад барацьбы з сацыяльным утрыманствам. – А людзі, якія працуюць у Расеі, то для іх гэты падатак – дробныя грошы”.
На пачатку леташняга снежня паведамлялася, што на Магілёўшчыне налічылі 80 тысяч дармаедаў. Былы кіраўнік рэгіёну Пётр Руднік патрабаваў ад падначаленых, каб дармаедаў працаўладкоўвалі і прымушалі працаваць.
Заяўляецца, што выкараняць сацыяльнае ўтрымальніцтва пачнуць з тых, хто працуе за мяжой і ня плаціць падаткаў. Наступнымі, кім зоймецца дзяржава ў барацьбе з дармаедамі, як вынікае з заяваў чыноўнікаў, будуць асацыяльныя элементы і хатнія гаспадыні. Хатніх гаспадынь налічылі больш за 120 тысяч. Пакуль змаганне з гэтымі катэгорыямі людзей – у перспектыве.
Дзяржава спадзяецца, што “падатак на дармаедства” прынясе ў бюджэт да 450 мільярдаў рублёў на год. Заяўляецца, што ў Беларусі да 50 тысяч чалавек прынцыпова адмаўляюцца працаваць, а 200 тысяч не ўладкоўваюцца на працу больш як паўгода.
Тым часам у адной Магілёўскай вобласці на складах прадпрыемстваў непрададзенай прадукцыі набралася на 281 мільярд рублёў – гэта гадавы бюджэт аховы здароўя вобласці. Вядучыя прадпрыемствы рэгіёну вымушаныя змяншаць аб’ёмы вытворчасці.
Паводле Радыё Свабода
Post new comment