Мінгарсуд адмяніў штраф, якім пакаралі Ніну Багінскую
Пры разглядзе скаргі Ніны Багінскай ў Мінгарсудзе 3 лютага вынесеная пастанова аб накіраванні справы актывісткі на новы разгляд у той жа суд і аб адмене ранейшай судовай пастановы.
Нагадаем, на апошняй прэсавай канферэнцыі кіраўнік краіны жорстка раскрытыкаваў МУС за арышты і затрыманні ўдзельнікаў акцый салідарнасці з загінулымі героямі «Нябеснай сотні» ды загінулымі журналістамі французскага часопіcа "Charlіe Hebdo". Ён заявіў, што міліцыі не варта было чапаць гэтых людзей, і даручыў разабрацца кіраўніку МУС. Як бачна, словы Лукашэнкі не засталіся па-за ўвагай судовых органаў.
Менавіта ў акцыі памяці загінулых герояў Майдана і ўдзельнічала Ніна Багінская, за што была 23 студзеня пакараная судом Цэнтральнага раёна штрафам у памеры 20 базавых велічынь паводле частцы 3 артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, здзейснены на працягу года паўторна).
Пры разглядзе скаргі у Мінскім гарадскім судзе суддзя Камісараў прыйшоў да нечаканай высновы, што “зыходзячы са зместу, выкладзенага ў апісальна-матывіровачнай частцы вынесенай раённым судом пастановы ў адносінах да Багінскай Н.Г. вынікае, што не было дакладна ўстаноўлена, у якім мерапрыемстве Багінская прымала ўдзел 22 студзеня – у несанкцыянаваным мітынгу альбо несанкцыянаваным пікетаванні”.
Як адзначае сайт spring96.org, пакаранне за ўдзел у пікеце альбо мітынгу, які не быў санкцыянаваны ўладамі, нічым не адрозніваецца ў тым, што тычыцца паўторнасці здзяйснення правапарушэння. А прыведзеная ў пастанове Мінгарсуда цьмяная падстава для адмены прысуду тлумачыцца крытычнымі выказваннямі кіраўніка краіны, агучанымі на прэс-канферэнцыі ў адрас сілавікоў.
Post new comment