“ЛогвінаЎ” не пусцілі на мінскі кніжны кірмаш
Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш з 11 па 15 лютага пройдзе ў павільёне «БелЭкспа». Але выдаўца, аб якім зараз найбольш кажуць у Беларусі, там не будзе.
Чуткі аб тым, што Літаратурны дом "ЛогвінаЎ" не будзе прадстаўлены на кірмашы, дзе будуць прадстаўленыя выдавецтвы 28 краін свету, пацвердзіў "Нашай Ніве" заснавальнік Літаратурнага дома Ігар Логвінаў.
Паводле яго слоў, выдавецтву не дазволілі нават запоўніць заяўку на ўдзел кірмашы.
"Там арганізацыяй займаецца ТАА «Макбел», мы да дырэктара звярнуліся — ён сказаў, што не прадставіць нам плошчы, бо ёсць загад Міністэрства інфармацыі нас не пускаць на кніжны кірмаш", — распавядае Логвінаў.
Вярхоўны суд 10 лютага пакінуў ў сіле рашэнне пра спагнанне штрафу з Логвінава ў памеры 5,4 млн рублёў, а таксама канфіскацыі даходаў яго прадпрыемства за 2014 год у памеры 961 млн рублёў. Кнігарня працавала без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі (па яе звярталіся шэсць разоў, але столькі ж і адмаўлялі па розных прычынах).
Нягледзячы на тое, выдавецтва не страціла юрыдычнага права браць удзел у кніжных кірмашах. Цяпер кнігарня працягвае працу, яна зарэгістраваная на новую юрыдычную асобу і атрымала ліцэнзію міністэрства.
У бліжэйшы час «ЛогвінаЎ» возьме ўдзел у кніжных кірмашах у Вільні з 19 лютага, затым у Ляйпцыгу 14 сакавіка.
Нагадаем, каб дапамагчы Логвінаву выплаціць дзяржаве больш за 63 тысячы даляраў, вядзецца збор ахвяраванняў. На момант публікацыі сабрана 16 тысяч. Ахвяраваць грошы можна ў далярах і еўра праз інтэрнэт-банкінг альбо PayPal ці ў беларускіх рубляху рукі прадаўцу ў кнігарні (Мінск, пр-т Незалежнасці, 37а).
Post new comment