На вуліцах Брэста з'явіліся партрэты палітвязня Мікалая Дзядка (ФОТА)
Вялікія плакаты з партрэтам Мікалая Дзядка расклееныя ў цэнтры горада. Акцыя салідарнасці прымеркавана да новага суду над палітычным зняволеным, які пачаўся 25 лютага ў Магілёўскай турме, паведамляе charter97.org са спасылкай на брэстчукоў.
Мікалай Дзядок быў узяты пад варту 3 верасня 2010 года. 27 мая 2011 года суд Заводскага раёна Мінска прысудзіў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі строгага рэжыму па ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства). 5 снежня 2012 г. пастановай суда ўмовы адбыцця пакарання Дзядку былі заменены на больш жорсткія, і Мікалая перавялі з калоніі № 17 Шклова ў турму № 4 Магілёва.
Як лічаць праваабаронцы, падставай для прысуду Дзядку стаў ягоны ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту каля Міністэрства абароны супраць сумесных руска-беларускіх вайсковых вучэнняў.
Дзядок павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015 у сувязі са сканчэннем тэрміну адбыцця пакарання, аднак супраць яго распачалі новую крымінальную справу. Палітвязню інкрымінуюць больш за дваццаць парушэнняў рэжыму ў месцах зняволення, асноўным з якіх з'яўляецца нашэнне замест турэмнай робы спартыўнага касцюма. Усе парушэнні былі сабраныя з моманту яго заключэння ў 2012 годзе.
Post new comment