Недзяржаўныя газеты караюць папярэджаннем, афіцыйныя – не
Еўрарадыё адшукала такія ж парушэнні закона аб СМІ ў дзяржаўных выданнях, якія Мінінфармацыі знаходзіць у недзяржаўных. «Ці атрымае газета «Рэспубліка» папярэджанне ад Мінінфармацыі?», – задаецца пытаннем журналіст.
«Газета Слонімская», «Intex-Press» і «Ганцавіцкі час» атрымлівалі ад Міністэрства інфармацыі папярэджанні за скарачэнне назвы органа, які рэгіструе выданне: «Міністэрства інфармацыі РБ» замест поўнай назвы «….Рэспублікі Беларусь». У «Газеце Слонімскай» чыноўнікі не заўважылі пазнаку пра памер накладу, якая, як бачна з pdf-версіі, была на першай старонцы выдання.
Журналіст Еўрарадыё прагледзеў дзяржаўныя выданні і ўбачыў там такія ж скарачэнні. Выданне Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – газета «Рэспубліка», апошні нумар за 27 лютага наогул не указвае, ад каго атрымала рэгістрацыю. Тут пішуць проста: «рэгістрацыйнае пасведчанне №4 ад 19 лютага 2009 года», хаця гэта наўпрост супярэчыць норме Закона («У кожным выпуску друкаванага сродку масавай інфармацыі павінны быць указаны: «Рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі, які зарэгістраваў дадзены друкаваны сродак масавай iнфармацыi, нумар пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі»).
Часопіс для дзяцей «Качели» ад Упраўлення адукацыі Мінгарвыканкама таксама скарачае назву органа, які выдаў рэгістрацыю. Тое ж з часопісам «Вожык» ад выдавецкага дома «Звязда». У 12 нумары за мінулы год, рэдакцыя піша «РБ» замест «Рэспубліка Беларусь».
Па тым жа прынцыпе назву органа, дзе зарэгістраваны часопіс, прапісвае рэдакцыя… баранавіцкай раёнкі «Наш край». Пра папярэджанне афіцыйнай газеце ў Баранавічах пакуль не вядома.
Нагадаем, за два папярэджанні цягам года міністэрства інфармацыі можа прыпыніць выпуск газеты.
Такім чынам, Міністэрства інфармацыі прыдзірліва ставіцца да незалежных друкаваных СМІ, шукаючы там дробныя фармальныя парушэнні, за якія выносяцца афіцыйныя папярэджанні і паблажліва глядзіць на недаробкі дзяржаўных газет, у чым бачныя яўныя прыкметы дыскрымінацыі.
Post new comment