Грамадскасць сабрала палову ад сумы штрафу, якім пакаралі кнігарню ЛогвінаЎ
За месяц грамадскай кампаніі #SaveLohvinau грамадзянам удалося сабраць прыкладна 32,5 тысячы долараў ЗША, каб дапамагчы аплаціць штраф кнігавыдаўцу Ігару Логвінаву.
"Новы Час" нагадвае, 9 студзеня эканамічны суд Мінска прысудзіў "Кнігарне ЛогвінаЎ" выплаціць штраф у памеры 967 000 000 рублёў (па актуальным курсе - прыкладна 64 тысячы долараў).
Сума штрафу — фактычна гадавы абарот прадпрыемства, таму штраф для кнігарні непад'ёмны. Па гэтай прычыне месяц таму стартавала кампанія #SaveLohvinau. Палову сродкаў ужо атрымалася сабраць, паведамляе "Радыё Свабода".
Як распавёў дырэктар кнігарні Павел Касцюкевіч, ужо пададзена просьба ў эканамічныя інстанцыі з просьбай адтэрміноўкі па выплатах штрафу на паўгода. Рашэнне аб гэтым будзе прынята літаральна на днях: 10–11 сакавіка.
"Сітуацыя даволі хісткая. У нас яшчэ засталося некалькі дзён, спадзяемся, што нашы прыхільнікі актывізуюцца і будуць збіраць [сродкі] больш інтэнсіўна. Інакш прыйдзецца аб'яўляць банкруцтва", — распавёў Павал Касцюкевіч.
Валанцёры арганізоўваюць розныя зборы праз інтэрнэт, а ў самой кнігарні і галерэі "Ў" амаль штодня праходзяць марафоны ў падтрымку Логвінава. На заклік дапамагчы адгукнуліся шматлікія дзеячы культуры, журналісты і простыя грамадзяне.
За 15 гадоў у выдавецтве "Логвінаў" выйшла каля 1 000 кніг і альбомаў, а кнігарня стала цэнтрам прыцягнення творчай інтэлігенцыі — тут прайшлі сотні прэзентацый, творчых сустрэч літаратараў з чытачамі.
Post new comment