Пра дыскрымінацыю журналістаў-фрылансераў паведамяць у ААН
Журналіст з Гомеля Мікалай Бянько падаў у Камітэт ААН па правах чалавека скаргу аб парушэнні права на збор і распаўсюд інфармацыі.
Да гэтага ён цягам года спрабаваў аспрэчыць афіцыйнае папярэджаньне абласной пракуратуры, якая назвала яго і жонку Юлю Сівец журналістамі замежнага СМІ, не маючага акрэдытацыі ў краіне, нагадвае gomelspring.org.
Нагадаем, 5 сакавіка мінулага года першы намеснік пракурора Гомельскай вобласці Вадзім Сушчынскі вынес незалежным журналістам, сябрам ГА БАЖ Мікалаю Бянько і Юлі Сівец афіцыйнае папярэджанне за з'явіўшыяся на партале "Радыё Рацыя" ад іх імя матэрыялы. Абскарджанне пракурорскага акта ў Генеральнай пракуратуры поспехам не ўвянчалася - там працягвалі вінаваціць фрылансераў у працы на замежнае СМІ.
Суддзя суду Цэнтральнага раёна Гомеля Марына Дамненка, куды Мікола Бянько прыйшоў за абаронай сваіх правоў, у задавальненні скаргі адмовіла. Пры гэтым прадстаўніца Феміды не дапусціла ў працэс яго абаронцу, юрыста БАЖ Леаніда Судаленку, пры тым, што ў пракуратуры абаронца меў магчымасць абараняць інтарэсы журналістаў. Вышэйстаячыя суды, куды апеляваў журналіст, сталі на бок раённага суда і пракуратуры. Пры гэтым, судовая калегія па грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суда разгледзела касацыйную скаргу журналіста ў яго адсутнасць, не паставіўшы ў вядомасць пра дату, месца і час слухання справы.
Акрамя факта парушэння права на збор і распаўсюд інфармацыі, пазбаўлення права на абаронцу і права на разгляд справы ў сваю прысутнасць па артыкулах 14 і 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах Мікалай Бянько просіць ААНаўскі Камітэт абавязаць Беларусь прывесці нацыянальны закон аб СМІ ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязкамі.
Варта адзначыць, у выпадку рэгістрацыі скаргі, ураду Беларусі прыйдзецца шукаць адказы на пытанні, чаму на журналістаў-фрылансераў не распаўсюджваюцца нормы нацыянальнага закона аб СМІ, а таксама, чаму грамадзянін не мае права свабодна абраць абаронцу ў судзе і права на разгляд справы ў сваю прысутнасць.
Post new comment