Беларускія дзеці шукалі ва Ўроцлаве гномаў, а знайшлі лунаючага кракадзіла (ФОТА)
Экскурсія па сталіцы Ніжняй Сілезіі з удзелам беларускіх дзяцей і іх бацькоў у межах праекту “Dzieci razem” адбылася 22 сакавіка.
Разам з кіраўніцай польскага фонду “My razem” Таццянай Івановай рознаўзроставая беларуская дэлегацыя шукала па горадзе скульптуры гномаў. Менавіта гэты містычны персанаж з’яўляецца сімвалам Уроцлава.
Скульптуры гномаў (іх усяго 79) раскіданыя па ўсім горадзе ў самых нечаканых месцах. Муніцыпалітэт нават выдаў спецыяльную пошукавую мапу з апісаннем скульптур і ўказаннем іх месцазнаходжання. Такім чынам пошук гномаў ператвараецца ў займальную вулічную гульню.
Але следапытаў-аматараў чакаюць неспадзяванкі. На ўроцлаўскіх вуліцах можна знайсці не толькі гномаў, але кракадзіла, які ірвецца да неба ці мутанта страказу.
Больш фотаздымкаў тут
Нагадаем, пры падтрымцы Камітэта “Салідарнасць” і польскага фонду “My razem” у Польшчы стартаваў праект “Dzieci razem”. Дзеці з сем’яў беларускіх дэмакратычных актывістаў, кожны ў суправаджэнні аднаго з бацькоў, накіраваліся ва Ўроцлаў, каб прыняць удзел у шэрагу сумесных культурніцкіх мерапрыемстваў са сваімі аднагодкамі з Польшчы. Падчас тыднёвага візіту дзеці зладзяць сумесную тэатралізаваную пастаноўку паводле казак Адама Міцкевіча, наведаюць знакаміты ўроцлаўскі заапарк, паўдзельнічаюць у шэрагу экскурсій па горадзе. Бацькі з дзецьмі пакажуць прэзентацыі пра свае гарады і мястэчкі, правядуць кулінарную майстэрню. Прадугледжана таксама асобная праграма для бацькоў у арганізацыі “Сектар 3” на тэму эфектыўнай арганізацыі грамадскай дзейнасці.
Post new comment