Таццяна Іванова: Польшча прыняла эстафету салідарнасці

Старшыня польскага фонда “My razemТаццяна Іванова распавядае пра праект “Dzieci razem” і прычыны праяваў польскай салідарнасці з Беларуссю.

Фонд “My razem” быў створаны ў 2012 годзе. Галоўная яго мэта – распаўсюджанне ідэй грамадзянскіх правоў ды свабод. Уроцлаў мае моцную гісторыю звязаную з "Салідарнасцю, якая замагаецца" (Solidarność Walcząca‏) – антыкамуністычнай падпольнай арганізацыі, створанай ва Ўроцлаве ў 1982 годзе, пад кіраўніцтвам Карнэля Моравецкага, з якім удзельнікі нашага праекту будуць сустракацца ў апошні дзень свайго візіту. Solidarność Walcząca атрымлівала вялізарную дапамогу ад сваіх суседзяў: немцаў, чэхаў. Памяць пра яе ў уроцлавян вельмі трывалая. Шмат людзей, што супрацоўнічаюць з фондам “My razem” маюць патрэбу аддаваць, што калісьці атрымалі ад іншых народаў, дзяліцца сваім досведам, ведамі.

Каб стварыць праект “Dzieci razem” было заангажавана шмат арганізацый і людзей. Мы атрымліваем вялікую дапамогу ад гарадскіх уладаў, якія жыва адгукнуліся на нашыя патрэбы: мы атрымалі зніжкі на транспарт для ўдзельнікаў праекта, магчымасць па льготным кошце наведаць самы старажытны ў Еўропе Ўроцлаўскі заапарк, дзе нядаўна адкрыўся сучасны акеанарыум. Мы загадзя дамовіліся з дырэкцыяй бібліятэкі Асалінэўм (Ossolineum), паведамілі, што будзе ставіцца спектакль паводле баек Адама Міцкевіча. Спецыяльна для беларускіх гасцей са сховішчаў выставілі для экспазіцыі рукапіс паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”.

Вялікую ролю ў праекце “Dzieci razem” адыгрывае гімназія №2 імя выбітнага польскага пісьменніка і публіцыста Ёзэфа Мацкевіча. Адміністрацыя навучальнай установы ад самага пачатку з вялікім імпэтам падключылася да рэалізацыі нашага праекта, занялася пошукам польскіх сем’яў, якія гатовыя прыняць беларускіх дзяцей, удзельнічала ў падтрыхтоўцы экскурсійнай праграмы для дзяцей і дарослых. Фонд Тэатра Capitol заняўся падрыхтоўкай творчай часткі праграмы – усяго, што тычыцца пастаноўкі спектакля, дэкарацый, музычнага суправаджэння. Хачу таксама выказаць падзяку пляцоўцы Impart, за магчымасць паказаць дзіцячы спектакль на адной з самых папулярных тэатральных пляцовак Ўроцлава.

Удзельнікі праекту бясплатна наведалі рэпрэзэнтатыўную, бараковую аўлю (Aula Leopoldina) і Матэматычную вежу Ўроцлаўскага ўніверсітэта. Aula Leopoldina – самая цікавай і прыгожая заля ўрачыстасцяў ва Ўроцлаве, якая з’яўляецца каштоўным помнікам архітэктуры. Гарадскія ўлады беларускім гасцям прапанавалі наведаць Рацлавіцкую панараму, дзе змяшчаецца грандыёзнае палатно з выявай пераможнай бітвы Тадэвуша Касцюшкі з войскамі царскай Расіі. Бюро прамоцый горада для кожнага ўдзельніка падрыхтавалі маленькі падарункавы набор для турыста (мапкі, буклеты і інш.)

Мы хочам пазнаёміць жыхароў Уроцлава з беларускай культурай. І хаця Беларусь ад Уроцлава далёка, шмат грамадзянаў Польшчы з беларускімі каранямі. Урацлавяне маюць сантымент да беларускай культуры, з любоўю і ахвотай гатовы супрацоўнічаць з беларусамі.

Праекты нашага фонду скіраваныя на жанчын, моладзь і сем’і беларускіх апазіцыянераў. Летась мы рабілі акцыю салідарнасці з беларускімі дзецьмі – школьнікі Ўроцлава збіралі падарункі для дзяцей беларусаў. Жыхары Ўроцлава падтрымліваюць беларусаў і праяўляюць салідарнасць з усімі, хто хоча жыць у вольнай Беларусі і змагаецца за яе.


Нагадаем, пры падтрымцы Камітэта “Салідарнасць” і польскага фонду “My razem” у Польшчы стартаваў праект “Dzieci razem”. Дзеці з сем’яў беларускіх дэмакратычных актывістаў, кожны ў суправаджэнні аднаго з бацькоў, накіраваліся ва Ўроцлаў, каб прыняць удзел у шэрагу сумесных культурніцкіх мерапрыемстваў са сваімі аднагодкамі з Польшчы. Падчас дзевяцідзённага візіту запланаваныя сумесная тэатралізаваная пастаноўка паводле казак Адама Міцкевіча, наведванне ўроцлаўскага заапарку, шэраг экскурсій па горадзе, прэзентацыі пра свае гарады і мястэчкі, кулінарная майстэрня. Прадугледжана таксама асобная праграма для бацькоў у арганізацыі “Сектар 3” на тэму эфектыўнай арганізацыі грамадскай дзейнасці.
 

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.