Грамадскаму актывісту адмаўляюць у працаўладкаванні
Ужо некалькі гадоў не можа ўладкавацца на працу ў Светлагорску грамадскі актывіст Ігар Песікаў. Спрабуючы законным чынам атрымаць працу, спадар Ігар атрымлівае адмовы на розных узроўнях.
Актывіст раней крытычна выказваўся ў прэсе пра дзеянні чыноўнікаў, якія зачынілі ў 2009 годзе спартыўную школу. Тады трэнер Ігар Песікаў застаўся без працы. У 2012 годзе ён спрабаваў стаць кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але па фармальных прычынах яго не зарэгістравалі. Але для мясцовых чыноўнікаў Ігар Песікаў зрабіўся персонай «нон-грата», піша сайт ПЦ “Вясна”.
Ігару Песікаву, як беспрацоўнаму, было выдадзена 27 студзеня ўпраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва Светлагорскага райвыканкама афіцыйнае накіраванне на працаўладкаванне ў сацыяльна-педагагічны цэнтр. Але калі беспрацоўны звярнуўся з накіраваннем на працу да дырэктара ўстановы, то яму чарговы раз было адмоўлена па прычыне “адсутнасці вакансіі”.
«Аказалася, на вакансію педагога ў сацыяльна-педагагічны цэнтр наймальнік збіраецца ўзяць грамадзяніна іншай дзяржавы - Украіны, з так званай самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі, і аформіў загадам прыём на працу з 5 лютага», - падкрэсліў жыхар Светлагорску.
Дадзенае рашэнне раённай інстанцыі будзе абскарджана актывістам ў Гомельскім абласным судзе.
«Мая кваліфікацыя і досвед працы ў поўнай меры адпавядалі патрабаванням той пасадзе, на якую я прэтэндаваў, таму што я працаваў педагогам і выкладчыкам у падведамасных установах адукацыі аддзела адукацыі Светлагорскага райвыканкама з 1982 па 2010 гады. Я маю вышэйшую педагагічную адукацыю, што адпавядае кваліфікацыйным патрабаванням для заняцця пасады педагога ў сацыяльна-педагагічным цэнтры. Але наймальнік не стаў правяраць - ці адпавядаю я кваліфікацыйным патрабаванням пасады, а адмовіў. Адмова мне ў працы была неабгрунтаванай і незаконнай. Дарэчы, згодна заканадаўству, ажыццяўленне працоўнымі-імігрантамі працоўнай дзейнасці дапускаецца толькі ў тым выпадку, калі занятак свабодных працоўных месцаў (вакансій) не можа быць забяспечана грамадзянамі і іншаземцамі, якія пастаянна пражываюць у Беларусі», - пракаментаваў спадар Ігар.
Раней ён спрабаваў уладкавацца ў райцэнтры па сваёй спецыяльнасці, але ў працы адмаўлялі па розных прычынах. Абскарджванне ў судах таксама не прыносіла плёну.
Post new comment