Актывісты на Вялікдзень адведалі бацьку Міколы Статкевіча
Віктар Сырыца, Уладзімір Гундар, Мікалай Антановіч наведалі Віктара Статкевіча. Прынеслі ў падарунак фарбаваныя яйкі, булку, вінаград, падчас сяброўскай бяседы чыталі лісты палітвязня Мікалая Статкевіча, вучылі спадара Віктара карыстацца новым мабільнікам.
“Віктар Паўлавіч ведае, што у Шклоўскай папраўчай калоніі ціск на ягонага сына ўзмацніўся. Сын Мікалай Статкевіч адмаўляецца пісаць прашэнне аб памілаванні, пазбаўлены чарговай харчовай перадачы, яму забароненыя кароткатэрміновае і доўгатэрміновае спатканне са сваякамі. Віктар Паўлавіч вельмі перажывае, што сын быў змешчаны на трое сутак у штрафны ізалятар, а 3 красавіка – на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу. Натуральна, што Статкевіч-старэйшы вельмі хвалюецца за лёс свайго сына,” – распавёў Віктар Сырыца.
Спадар Віктар не ўжывае гарэлку, скардзіцца на моцны ціск, яму ўж 88. Актывісты пажадалі бацьку палітвязня моцнага здароўя і выказалі упэўненасць, што яго мужны сын Мікалай Статкевіч вытрымае з гонарам ўсе беды і выпрабаванні ў Шклоўскай папраўчай калоніі №17, ды спадзяванні, што ён хутка выйдзе на свабоду.
Нагадаем, Мікалай Статкевіч, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, асуджаны на 6 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачванні ў арганізацыі «масавых беспарадкаў» у дзень галасавання 19 снежня. Сваёй віны ён не прызнае. Прашэнне аб памілаванні пісаць адмаўляецца, бо не лічыць сябе вінаватым. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Мікалая Статкевіча вязнем сумлення.
Кожны грамадзянін, неабыякавы да лёсу гэтага мужнага чалавека, можа яго падтрымаць лістом альбо паштоўкай. Пісаць можна на адрас:
213004 Магілёўская вобласць, г. Шклоў, папраўчая калонія № 17
Post new comment