У Брэсце і Баранавічах забаронены першамайскія масавыя акцыі
Брэсцкія сацыял-дэмакраты планавалі правесці масавае мерапрыемства ў абарону сацыяльна-эканамічных правоў пад лозунгам “Дзяржава не выконвае абавязкі перад уласным народам”. Баранавіцкія актывісты меркавалі правесці пікет супраць росту цэн і з патрабаваннем адмены Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, які парушае правы грамадзян.
Заяўка на дэманстрацыю была пададзена Брэсцкай абласной арганізацыяй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) у адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі РБ, Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, Міжнароднага пакта “Аб грамадзянскіх і палітычных правах”, паведамляе сайт spring96.org
“У краіне скарачаюцца працоўныя месцы, у той жа час ўводзіцца падатак на беспрацоўных. Ва ўсім свеце ёсць практыка ўвядзення падатку на багатых, але ніяк не наадварот. Таму на дэманстрацыі мы мелі намер выказаць пратэст у сувязі з прыняццем Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” і патрабаваць яго адмены”, - распавёў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі.
Фармальнай падставай для адмовы ў правядзенні дэманстрацыі з’явілася тое, што ўдзельнікі масавага мерапрыемства мелі намер праходзіць на адлегласці менш за 50 метраў ад устаноў адукацыі, аховы здароўя і органаў улады. Заяўнікі адзначаюць, што месцаў, якія б адпавядалі гэтым патрабаванням, у цэнтры горада практычна няма.
Тым часам баранавіцкі актывіст Рыгор Грык аспрэчвае забарону першамайскага пікета ў судзе. Ён 27 красавіка падаў скаргу ў суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы на рашэнне гарвыканкама аб забароне першамайскага пікета.
“Я выканаў усе неабходныя ўмовы для правядзення масавага мерапрыемства: своечасова падаў заяву на пікет у гарвыканкам і асабістае абавязацельства, што самастойна будзе прыбрана тэрыторыя пасля правядзення пікета, а таксама створана група з 3-х чалавек для ажыццяўлення аховы грамадскага парадку. Таксама я заключыў неабходную дамову з гарадской паліклінікай па абслугоўванні нашай першамайскай акцыі салідарнасці працоўных, якая планавалася ў дазволеным гарвыканкамам месцы", – перадае словы Рыгора Грыка сайт ПЦ "Вясна".
Ён лічыць, што забарона пікета звязана не толькі з тым, што ўдзельнікі хацелі выказаць пратэст у сувязі з ростам коштаў і падзеннем заробкаў працоўных, але і з тым, што пікетоўшчыкі збіраліся патрабаваць адмены Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, які парушае правы грамадзян.
Post new comment