“Дзяржава год ад года адмаўляецца прызнаваць, што ёсць такая з'ява — дыскрымінацыя”
5 траўня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за правы інвалідаў. "Радыё Свабода" пагутарыла з гэтай нагоды з каардынатарам арганізацыі «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» Сяргеем Драздоўскім.
Інваліды-вазочнікі — адна з найбольш актыўных у Беларусі групаў, якія бароняць свае правы. Іхні лідэр — Сяргей Драздоўскі, каардынатар грамадскай праваабарончай арганізацыі «Офіс па правах людзей з інваліднасцю», нагадвае РС.
Карэспандэнтка: «Яшчэ тры гады таму — у траўні 2012 году — інваліды-вазочнікі ладзілі вулічную акцыю, каб прыцягнуць увагу ўладаў і грамадзкасці да праблемаў людзей з інваліднасцю. Цяпер такія акцыі не праводзяцца. Чаму: зніклі праблемы ці зніклі людзі, гатовыя змагацца за вырашэнне гэтых праблемаў?»
Драздоўскі: «Выхад на Бангалор — не той выпадак, каб вырашыць праблемы. Гэты факт выхаду хутчэй прыніжае, чым падвышае значнасць гэтай падзеі. Гэта стала звыклым і звычайным: ну вось вазочнікі — яны гэткія асаблівыя, раз на год выходзяць на вазках на плошчу. Да гэтага прывыклі, і самае галоўнае — прывыклі ўлады. А рэальна ўплываць на сітуацыю гэтая акцыя перастала. Мы думалі, што з гэтым рабіць, але на больш сур’ёзныя дзеянні не наважыліся. І сёння я ведаю, што Менская гарадская арганізацыя выязджае не на Бангалор, а за горад на такую своеасаблівую „маёўку“, каб абмеркаваць свае справы. Можна сказаць — гэта нейкае падабенства тых маёвак працаўнікоў, які калісьці адбываліся, — для вазочнікаў гэта зноў сталася актуальным».
Карэспандэнтка: «І якія пытанні абмяркоўваюцца на такіх сустрэчах?»
Драздоўскі: «Абмяркоўваюць змены, якія адбываюцца — палепшылася сітуацыя ці пагоршылася, чаму і як з гэтым жыць далей і чаго чакаць у будучыні. Людзі не разважаюць маштабнымі катэгорыямі, а думаюць на ўзроўні сваіх жыццёвых патрэбаў: як лёгка трапіць у паліклініку, у шпіталь, як вылечыцца, як працаўладкавацца і гэтак далей. А сённяшні, міжнародны дзень надае значнасці такім сустрэчам. Яны вельмі важныя. Я хачу сказаць, што не толькі вазочнікі, але таксама і іншыя групы інвалідаў памятаюць пра гэты дзень, але не ўсе здольныя ўголас заявіць, што гэты дзень — Дзень барацьбы супраць дыскрымінацыі, за раўнапраўе. І шмат хто гэтага не робіць з прычыны самацэнзуры. Бо ўсе цудоўна разумеюць, што дыскрымінацыя ёсць, але заявіць пра гэта ўголас могуць далёка не ўсе».
Карэспандэнтка: «Пра якія факты дыскрымінацыі заяўляеце вы?»
Драздоўскі: «Насамрэч нават вызначэнне самога статусу інваліднасці сведчыць пра тое, што дзяржава і грамадства кажуць: так, мы згодныя, што ты гэткі асаблівы чалавек і адносна цябе ўвесь час адбываецца дыскрымінацыя.
Чаму? Бо існаванне і працяг дзеяння бар’ераў, пачынаючы ад фізічных і заканчваючы адносінамі, — гэта і ёсць дыскрымінацыя. Гэта калі агулам.
А калі ў прыватнасці, то інваліднасць — яна вельмі разнастайная. І мы падыходзім да пытання так, што калі нават адзін чалавек з інваліднасцю трывае цяжкасці і страты ад няроўнага да яго стаўлення, то мы кажам пра ўсіх людзей з інваліднасцю.
Калі сёння мноства людзей з інваліднасцю хуткая дапамога не забірае ў шпіталь, то, канечне, гэта дыскрымінацыя. Калі сёння чалавеку з-за ягонай інваліднасці трэба даказваць, што ў яго няма супрацьпаказанняў для адпачынку ў санаторыі, то, канечне, гэта дыскрымінацыя. Калі чалавек з інваліднасцю не можа застрахаваць сваё жыццё ў страхавой кампаніі — ну як жа гэта не дыскрымінацыя?
І такія факты ў нас ва ўсіх галінах жыцця, пачынаючы ад працы і заканчваючы ўдзелам у грамадска-культурным жыцці. Нават у спорце, які нібыта прадугледжвае ўдзел роўных, — параўнайце ўзнагароды спартоўцам алімпійскіх і паралімпійскіх гульняў: яны ўдвая розняцца. Гэта значыць, чалавечая годнасць паралімпійца ўдвая меншая?
Вычварнасць сітуацыі ў тым, што наша дзяржава год ад года адмаўляецца прызнаваць, што ёсць такая з'ява — дыскрымінацыя. Летась мы спрабавалі адстойваць сваю пазіцыю і пачулі ад чыноўніка Міністэрства сацыяльнай абароны, што дыскрымінацыі ў нашай краіне ўвогуле няма, і няма чаго пра гэта гаварыць.
Гэта сведчыць пра тое, што ахвяры гэтай дыскрымінацыі і застануцца ахвярамі. У іх няма і не будзе ніводнага шансу адбараніцца і аднавіць свае правы. Вось гэта самае жахлівае. Таму сёння неабходная прававая абарона ад гэтай з'явы».
Карэспандэнтка: «Якой вам бачыцца гэтая абарона — праз якія нарматыўныя акты альбо законы?»
Драздоўскі: «Перадусім — гэта павінен быць агульны закон аб забароне дыскрымінацыі. Спробы распрацаваць такі закон цяпер робяцца шэрагам праваабарончых арганізацыяў і ініцыятываў. Мы пэўна заяўляем, што сёння неабходны закон, які не толькі пазначыць, які ёсць сам панятак дыскрымінацыі, але і прапануе механізмы абароны чалавека ад дыскрымінацыі, а таксама прадухілення дыскрымінацыі.
Без гэтага нельга казаць пра паляпшэнне сітуацыі, бо практычна ўсе выпадкі парушэння правоў інвалідаў звязаныя з дыскрымінацыйным стаўленнем да інвалідаў. Каля дзясятка гадоў таму ў законе аб сацыяльнай абароне была такая пазнака, што дыскрымінацыя інвалідаў забароненая і пераследуецца паводле закону. Але нашы заканадаўцы выдалілі гэтую норму з закону. Замест таго, каб распрацаваць механізм выканання закону, яны проста пазбавіліся ад гэтага абавязку.
Перадусім мы настойваем на тым, каб Беларусь далучылася да Міжнароднай канвенцыі аб правах інвалідаў, да якой далучылася каля 160 краін свету. Гэта той пачатак, які дае магчымасці далейшай працы ў гэтым кірунку адносна інвалідаў. Мы бясконца на гэтым настойваем, але і дагэтуль так не адбылося, бо канвенцыя якраз і абараняе інвалідаў ад дыскрымінацыі. Гэта самае простае з боку дзяржавы, што яна магла б зрабіць для інвалідаў. А ўсе астатнія дзеянні будуць вынікаць з гэтага асноўнага. І гэткім чынам дзяржава прадэманстравала б сваю ўвагу і павагу да інвалідаў.
Грамадства ж стараецца выявіць сваю падтрымку і дапамогу, але не клапоціцца пра тое, што ўсім варта забяспечваць роўныя правы. А інваліднасць — гэта адсутнасць доступу да правоў чалавека».
Карэспандэнтка: «У межах дзейнасці праваабарончай арганізацыі „Офіс па правах людзей з інваліднасцю“ як выяўляюцца гэтыя праблемы, пра якія вы кажаце?»
Драздоўскі: «Кожны зварот мы разглядаем праз прызму парушэння правоў чалавека. Да нас звяртаюцца людзі перадусім з інваліднасцю, бо іхнія правы парушаюцца найперш і больш за ўсё. У выніку гэтых зваротаў мы робім такія высновы, што адна з найважнейшых праблемаў — немагчымасць і няздольнасць чалавека атрымаць патрэбную інфармацыю ў даступнай форме і даступным выглядзе і скарыстацца ёю. Таму найчасцей да нас звяртаюцца хаця бы дзеля таго, каб даведацца, якія чалавек мае правы і наколькі яны парушаныя.
Мы таксама праводзім даследаванні сістэмных парушэнняў. Да прыкладу, прызнанне чалавека недзеяздольным пазбаўляе яго ўсіх правоў, і ў чалавека няма ніякіх магчымасцяў абараніць сябе, бо заканадаўства не прадугледжвае такіх механізмаў.
У судах свае правы інваліды таксама адстойваюць у адзінкавых выпадках. Да прыкладу, калі аспрэчваюцца рашэнні дзяржаўных медычных органаў і рашэнні прымаюцца на падставе высноваў экспертаў той жа сістэмы аховы здароўя, бо незалежных экспертаў проста няма, то зразумела, які будзе судовы вырак. Здараюцца выпадкі, калі суд прымае рашэнне і на карысць інваліда, але гэтыя рашэнні не выконваюцца адказчыкам.
Ёсць самыя розныя выпадкі — і адносна кіравання аўтамабілем, і пазбаўлення дзеяздольнасці і бацькоўства — самых розных выпадкаў, якімі пранізанае ўсё наша жыццё. Таму многія інваліды не звяртаюцца ў суды, бо ня вераць, што могуць чагосьці дамагчыся.
Post new comment