Мікалай Статкевіч этапаваны ў Магілёў
Згодна з рашэннем суддзі Шклоўскага раённага суда Баранчыкавай у магілёўскай турме №4 Мікалай Статкевіч павінен знаходзіцца да канца тэрміна – 1 год, 7 месяцаў 15 дзён.
Пра гэта паведамляе сайт statkevich.org са спасылкай на словы жонкі палітвязня Марыны Адамовіч.
“Сёння я датэлефанавалася ў калонію, дзе мне падцвердзілі, што Мікалай Статкевіч этапаваны ў турму №4 у Магілёве. Прайшло крыху больш за 3,5 месяцы з таго часу, як ён пакінуў гэту ўстанову. І зараз ізноў у яе вярнуўся. Пра дату этапу мне гаварыць у калоніі адмовіліся, але, мяркую, гэта адбылося ў той жа дзень, калі адбыўся суд, дакладней, у ноч з 4-га на 5-е траўня. Бо, наколькі мне вядома, у іх этапы па панядзелках. Ды і спяшаліся ж завершыць суд у адзін дзень нездарма. Відаць, і сабрацца толкам не далі, бо Мікола знаходзіўся ў ПКТ, а рэчы яго – ў атрадзе. І тут дэ жа вю. Гэтак жа, у тэрміновым парадку, не даўшы сабрацца, яго этапавалі ў 2012 годзе”, – распавяла Марына Адамовіч.
Мікалай Статкевіч – апошні з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, які дагэтуль, ужо 1600 дзён, знаходзіцца за кратамі. 26 траўня 2011 года ён быў асуджаны да шасці год зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 12 чэрвеня быў этапаваны ў ПК – 17 у Шклоў.
Але ўжо 12 студзеня 2012 года па прадстаўленню адміністрацыі шклоўскай калоніі яму было ўзмоцнена пакаранне. Ён быў пераведзены на тры гады на турэмны рэжым. 12 студзеня 2015 года, пасля завяршэння трохгадовага тэрміну, быў ізноў этапаваны ў Шклоў. 4 траўня Суддзя Шклоўскага раённага суда Святлана Баранцава прызнала Мікалая Статкевіча вінаватым у парушэнні правілаў унутранага распарадку калоніі, задаволіла хадайніцтва Шклоўскай калоніі ды прыняла рашэння накіраваць палітвязня да сканчэння тэрміну зняволення ў "крытую" турму.
Падтрымаць Мікалая Статкевіча можна, напісаўшы на адрас:
212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, СТ-4, каранцін
Post new comment