“Далучэнне да Балонскага працэсу магчыма паспрыяе еўрапеізацыі сістэмы адукацыі”
Старшыня Камітэта “Салідарнасць” Іна Кулей пракаментавала далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу і ўступленне краіны ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі.
Іна Кулей адзначыла, што пераўтварэнні у беларускай сістэме вышэйшай адукацыі пакуль што касметычныя. Але яна выказала спадзеў, што далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу дасць штуршок для мадэрнізацыі і еўрапеізацыі нашай сістэмы, бо усе краіны-суседзі ужо там.
“Беларусь на жаль не выканала тыя абавязацельствы, якія былі ўскладзеныя на яе ў 2012 годзе пры разглядзе яе заяўкі на уступленне ў Балонскі працэс. Акадэмічныя свабоды працягваюць парушацца. Мы ведаем сумнавядомы прыклад гарадзенскага універсітэта, у якім звольненыя з працы шэраг высокакваліфікаваных выкладчыкаў. З іншага боку, пэўныя крокі па прывядзенню сістэмы беларускай адукацыі у адпаведнасць з патрабаваннямі Балонскага працэсу наша міністэрства адукацыі усё ж зрабіла. Я ўспрымаю прыняцце Беларусі у Балонскі працэс як аванс, які дадзены нашай краіне. Мы маем спадзеў, што ўжо у бліжэйшай будучыні наша краіна будзе адпавядаць крытэрам працэсу”, - адзначыла Іна Кулей.
Нагадаем, пра далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу было абвешчана 14 мая ў Ерэване на Канферэнцыі міністраў адукацыі краін Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі форуме па Балонскай палітыцы. Падчас дыскусіі аб уступленні Беларусі некаторыя ўдзельнікі канферэнцыі выказалі занепакоенасць. Міністры адукацыі Нарвегіі, Швецыі, Нідэрландаў і Ісландыі заявілі пра неабходнасць выканання Беларуссю ўмоў дарожнай карты па далучэнні да Балонскага працэсу.
Беларусь уступіла ў Балонскі працэс з другой спробы. Першую заяўку меркавалася разгледзець яшчэ ў красавіку 2012 года. Аднак пры падрыхтоўцы саміту Балонская рабочая група вырашыла зняць заяўку Беларусі з парадку дня ў сувязі з невыкананнем краінай такіх прынцыпаў Балонскага працэсу, як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.
Post new comment