Трынаццаты штраф за журналістыку
Суд Гомельскага раёна прызнаў сябра ГА “БАЖ” Кастуся Жукоўскага вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ.
Як паведамляе БАЖ, 22 мая суддзя Гомельскага раённага суда Літоўскі прызнаў сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” вінаватым у парушэнні арт. 22.9 ч.2 КаАП у незаконным вырабе прадукцыі СМІ і аштрафаваў яго на 25 базавых велічыняў (4,5 млн рублёў).
У віну незалежнаму журналісту міліцыя паставіла падрыхтоўку сюжэта для тэлеканала “Белсат” 24 сакавіка 2015 года без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
Адразу ж па заканчэнні працэсу Жукоўскі паспрабаваў зняць на відэа шыльду на будынку суда, за што быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Разам з журналістам затрымалі і яго калегу Наталлю Крывашэй. Па Каля 16-й гадзіны журналістаў адпусцілі без складання пратаколаў, перапісаўшы асабістыя дадзеныя. Паводле Жукоўскага, яны правялі ў пастарунку каля трох з паловай гадзін.
24 красавіка Кастуся Жукоўскага ўжо штрафавалі на 5,4 мільёна рублёў паводле арт. 22.9 КаАП за тое, што ён "незаконна інтэрв'юяваў жыхароў вёскі Буда-Галовіцкая Нараўлянскага раёна". На пачатку красавіка журналіста таксама каралі штрафам у такім жа памеры за матэрыял "За забітае дзіця пакаралі педагогаў ды медыкаў", змешчаны 6 лютага на сайце тэлеканала “Белсат”. У студзені ж суд аштрафаваў Кастуся Жукоўскага на 900 тысяч рублёў за здымкі на плошчы перад райвыканкамам адзіночнага пікета інваліда-вазочніка Юрыя Ляшэнкі. Міліцыя абвінаваціла фрылансера ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце (арт.23.34 КаАП).
За супрацу з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі ў гэтым годзе ў Беларусі ўжо 13 разоў штрафавалі незалежных журналістаў. Яшчэ некалькі аналагічных спраў чакаюць разгляду.
Post new comment