Незалежных журналістаў пакаралі штрафамі
Разгляд справы незалежнай журналісткі Вольгі Чайчыц адбыўся ў судзе Дзяржынскага раёну. Суддзя Іна Шайко, якой забаронены ўезд на тэрыторыю Езразвязу, пакарала карэспандэнтку штрафам у Br 5,4 млн.
Яшчэ адзін абвінавачаны ў аналагічнай справе – незалежны журналіст Сяргей Краўчук таксама мусіць заплаціць штраф у Br 5,4 млн (30 базавых велічыняў).
"Прыйшлося даказваць сваю невінаватасць. Даказалі, што прадстаўленыя ў судзе дакументы не з’яўляюцца ніякімі доказамі, але ўсё роўна вынеслі такі прысуд", – пракаментавала рашэнне суда Belsat.eu Вольга Чайчыц.
На працэс пусцілі ўсіх, хто прыбыў падтрымаць журналістку – каля 20 чалавек.
“У сюжэце, за які мяне будуць судзіць, я распавядаю пра тое, што нашу здымачную групу міліцыя не пусцілі на грамадскае абмеркаванне генеральнага плану Фаніпаля, чым парушылі Канстытуцыю, якая дае права кожнаму чалавеку на збор і распаўсюд інфармацыі. Да таго ж я яшчэ і жыхар Фаніпаля. У сюжэце я ўказала прозвішча кіраўніка фаніпальскай міліцыі, які не даў нам прайсці. Не дзіва, што за нас узяліся, менавіта ў Фаніпалі”, – каментуе Belsat.eu Вольга Чайчыц.
У пачатку траўня Вольгу Чайчыц запрасілі ў фаніпальскае аддзяленне міліцыі, дзе прад’явілі абвінавачванні згодна з артыкулам 22.9 КаАП (праца без акрэдытацыі на замежныя СМІ).
Выклік у міліцыю быў звязаны з матэрыялам пра грамадскае абмеркаванне забудовы ў Фаніпалі, які з’явіўся на старонцы Belsat.eu. Улады Фаніпалю меліся знесці 250 жылых дамоў, а на іх месцы пабудаваць шматпавярховікі. Пасля сюжэту «Белсату» ўлады адмовіліся ад сваіх планаў.
Увагу журналісткі прыцягнула і тое, што ў матэрыялах судовай справы прысутнічае сведка, адзін з герояў відэа-апытанкі. У сюжэце яго прозвішча няма, але міліцыя яго знайшла. Пра што з ім гаварылі, невядома.
Post new comment