Юры Рубцоў у лісце сваякам распапвёў пра ўмовы ўтрымання ў баранавіцкім СІЗА
Амаль месяц таму, 29 траўня, актывіст з Гомеля Юры Рубцоў, вядомы сваім публічным заклікам да Лукашэнкі аб адстаўцы, быў асуджаны Пружанскім раённым судом яшчэ на 2 гады зняволення.
Актывіста трымаюць у баранавіцкім СІЗА, бо яшчэ не разгледжаная ягоная касацыйная скарга, паведамляе Радыё Свабода.
Жонка Рубцова Ядвіга паведаміла карэспандэнту Свабоды, што ў апошнім лісце дамоў ён паскардзіўся на дрэннае харчаванне ў СІЗА і нават параўнаў яго з тым, як кормяць свіней.
"Напісаў, што зусім дрэнна стала з харчаваннем, што кормяць, як свіней. Нават у параўнанні з „хіміяй“ у Купліне тут горш. Там самі гатавалі, хто як мог, а тут даводзіцца есці, што даюць. А даюць, відаць, абы-што".
Шмат месца ў апошнім лісце дамоў Юры Рубцоў адвёў палітычным справам. У прыватнасці, ён даводзіць, што на выбары ня трэба ісці, бо ад іх нічога не залежыць, і што нічога ня зменіцца, пакуль пры ўладзе застаецца Аляксандр Лукашэнка. «Гэта ягоная нязменная пазіцыя», — каментуе ліст Юрыя Рубцова ягоны сын Віктар, які сам адносна выбараў мае іншую думку.
— У яго і раней была пазіцыя, што выбары немагчымыя і таму патрэбны байкот, каб пакінуць аднаго кандыдата. Але, як я мяркую, гэта немагчыма і ўсё роўна знойдзецца нехта, хто пойдзе на выбары таксама, хаця б нейкі падстаўны кандыдат.
— А што чуваць наконт касацыі? Ці яна прызначана?
— Не, пакуль нам нічога не паведамілі. Мы спадзяёмся, што разгляд касацыйнай скаргі будзе адкрыты. Можа, нават і яго туды прывязуць. Хацелася б паехаць і падтрымаць яго. Але пакуль звестак няма.
Паводле адваката Юрыя Рубцова, разгляд ягонай касацыйнай скаргі, якую падалі 9 чэрвеня, яшчэ не прызначаны.
Грамадскі актывіст Юры Рубцоў асуджаны на 2 гады зняволення нібыта за ўхіленне ад адбыцця пакарання «хіміяй». У спецкамендатуры «Куплін», куды Рубцова накіравалі на 1,5 года за знявагу суддзі, ён нібыта адмаўляўся працаваць. Сам Рубцоў у судзе казаў, што не адмаўляўся працаваць увогуле, але не пагаджаўся з прапанаванымі яму працамі, заробак на якіх быў ніжэйшы, чым сярэднямесячны па краіне. «Лукашэнка абяцаў усім па 600 даляраў заробку, але падмануў», — казаў Рубцоў у апошнім слове на працэсе.
Да «хіміі» Юры Рубцоў быў асуджаны за тое, што публічна зняважыў суддзю, які пагадзіўся судзіць яго. Напярэдадні Юрыя Рубцова затрымалі за нашэнне майкі з заклікам «Лукашэнка сыходзь», сарвалі з яго майку і гэтак, паўраспранутага, прывезлі ў суд. Падчас адбыцця «хіміі» Юры Рубцоў зрабіў сабе на грудзях тату з тымі ж словамі — «Лукашэнка сыходзь».
Даслаць колькі слоў падтрымкі Юрыю Рубцову можна напісаўшы ліст на адрас: 225413, Брэсцкая вобл., г.Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258, СІЗА-6
Post new comment