Мікалаю Дзядку не далі сустрэцца з адвакатам
Абаронцу проста не пусцілі да палітычнага зняволенага на падставе таго, што нібыта Мікалай не напісаў адпаведнай заявы. Да таго ж Мікалай быў змешчаны памяшканне камернага тыпу.
Супрацоўнікі калоніі адмовіліся выдаць адвакату копію пастановы аб спагнанні, не патлумачылі прычыны змяшчэння ў ПКТ, а таксама, які тэрмін там будзе знаходзіцца Мікалай Дзядок. Таксама не былі выданы адказы на пададзеныя раней запыты. На такія дзеянні супрацоўнікаў калоніі адвакатам былі напісаныя скаргі начальніку папраўчай установы, а таксама ў пракуратуру. Пра гэта паведамляе сайт ПЦ "Вясна".
“Мы не ведаем, што з ім адбываецца. Расцэньваем такія дзеянні супрацоўнікаў і адміністрацыі калоніі, як узмацненне ціску і помсту за тое, што мы надаём інфармацыю галоснасці”, - пракаментаваў сітуацыю бацька палітвязня.
Родныя Мікалая Дзядка занепакоеныя яго станам здароўя.
Нагадаем, Мікалай Дзядок адбыў 4,5 гады зняволення за нібыта хуліганскія дзеянні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў і павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015 года. Аднак 26 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў палітвязня па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі” да 1 года зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 30 красавіка суд касацыйнай інстанцыі пакінуў гэты прысуд у сіле.
Нагадаем, даслаць ліст падтрымкі Мікалаю Дзядку можна на адрас: 213410, Магілёўская вобл., г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, ПК-9.
Post new comment