Беластоцкая палітэхніка адкрывае магістарскую праграму для беларусаў
Беластоцкая палітэхніка адкрывае ўнікальную спецыяльнасць, разлічаную перш за ўсё на гарадзенцаў. Пра яе расказала доктар гістарычных навук Святлана Куль-Сяльверстава, якая была ініцыятаркай стварэння новай праграмы.
На факультэце менеджменту Беластоцкай палітэхнікі адкрыецца магістраская спецыяльнасць "Менеджмент трансгранічнага гандлю". Спецыяльнасць разлічана на абітурыентаў з вышэйшай або няскончанай вышэйшай адукацыяй. Паступаць могуць студэнты і выпускнікі эканамічных, юрыдычных, гістарычных спецыяльнасцяў, а таксама сацыёлагі. Прыем дакументаў пачнецца ад 1 кастрычніка і будзе доўжыцца да пачатку заняткаў 1 студзеня.
Будучыя магістры будуць вывучаць комплекс дысцыплін, звязаных з функцыянаваннем мяжы і яе праходжаннем, візавым рэжымам. Асноўная частка прадметаў будзе выкладацца на рускай мове. Некаторыя курсы будуць весціся на польскай і англійскай, асобныя прадметы будуць факультатыўна выкладацца па-беларуску.
Паводле Святланы Куль-Сяльверставай, факультэт менеджмента Беластоцкай палітэхнікі мае шырокія дамовы з французскімі і кітайскімі універсітэтамі, ажыццяўляе абмен студэнтамі і выкладчыкамі.
Навучанне на новай спецыяльнасці будзе доўжыцца два гады. Пасля абароны дысертацыі выпускнік атрымае дыплом магістра еўрапейскага ўзору. З улікам таго, што Беларусь прынялі ў Балонскі працэс, у нас дыплом таксама павінны прызнаць.
Кошт навучання на новай спецыяльнасці складае 2 тысячы еўра на год. Іх можа выплаціць у растэрміноўку. Кошт за магістарскую спецыяльнасць еўрапейскага ўзроўню з пашыранам вывучэннем польскай і англійскай моў не вельмі адрозніваецца ад коштаў у беларускіх універсітэтах. Усіх замежнікаў-магістраў забяспечваюць месцамі ў недарагіх студэнцкіх інтэрнатах ў Беластоку. Да таго ж, студэнтам дапамагаюць некалькі фондаў.
Паводле t-styl.info
Post new comment