Подых выбараў: рэдактару незалежнага сайта пагражаюць судом
На рэдактара інтэрнэт-сайта “Наш Магілёў” Ігара Барысава супрацоўнікі магілёўскай міліцыі завялі дзве справы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Журналіста вінавацяць у парушэнні Закона “Аб СМІ”, а таксама ў парушэннях пры атрыманні дапамогі з-за мяжы на сваё выданне. Разгляд адміністрацыйных спраў мае адбыцца у судзе Кастрычніцкага раёна горада Магілёва.
Па словах журналіста, пра новыя справы ён даведаўся 13 ліпеня. Міліцыянты запрасілі яго забраць камп’ютары, канфіскаваныя падчас ператрусу 12 сакавіка 2015 г. У міліцыі Ігару Барысаву паведамілі, што праверка па факце паклёпу скончана, і справу супраць яго не распачыналі. Затое ў дачыненні да яго завялі адміністрацыйныя справы – за парушэнне Закона “Аб СМІ” (ч. 2 арт. 22.9 КаАП) і за атрыманне грашовай дапамогі з-за мяжы на працу выдання (ч. 2 арт. 23.24 КаАП).
Сайт БАЖ нагадвае, што ў канцы 2011 года ў Беларусі ўвялі адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за парушэнні, звязаныя з замежнай бязвыплатнай дапамогай. У прыватнасці, ч. 2 арт. 23.24 забараняе "атрыманне, а таксама захоўванне, перамяшчэнне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці альбо іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам, альбо фінансавання палітычных партый, саюзаў (асацыяцый) палітычных партый, падрыхтоўкі альбо правядзення выбараў,... арганізацыі або правядзення сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый, пікетавання, забастовак, вырабу або распаўсюду агітацыйных матэрыялаў, правядзення семінараў або іншых формаў палітычнай і агітацыйна-масавай работы сярод насельніцтва, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства".
Post new comment