Турэмныя цэнзары не дазволілі Яўгену Васьковічу даведацца пра навучанне ў ЕГУ
Ліст з правіламі дыстанцыйнага навучання ва ўніверсітэце не дайшоў да зняволенага сябра ГА “БАЖ” Яўгена Васьковіча. З пазнакай "не дазволена" яго вярнулі адпраўніку.
Як паведамляе baj.by, у перапісцы з сябрамі арганізацыі Яўген пісаў, што абдумвае ідэю дыстанцыйнага навучання ў ЕГУ.
У адказ, акрамя напісанага ад рукі ліста, яму даслалі некалькі старонак друкаванага тэксту з правіламі паступлення і навучання ў гэтай установе: плата за навучанне, працэдура рэгістрацыі, парадак залічэння, атэстацыі і інш.
Канверт вярнуўся заклеены скотчам, з пазнакай “В. не положено. См. в нутри” (арфаграфія паслання захаваная).
«Паводле правілаў унутранага распарадку папраўчых установаў усе простыя і заказныя лісты з недазволеным укладаннем (газеты, часопісы, мастацкая і іншая літаратура, кампакт-дыскі, ручкі, стрыжні, батарэйкі, альбомы, араматызатары паветра, раздрукоўкі з Інтэрнэту і г.д.) будуць адпраўляцца назад за кошт адпраўшчыка», - паведаміў цэнзар.
Старшыня ГА “БАЖ”, юрыст Андрэй Бастунец лічыць, што “інфармацыйны ліст” не толькі заснаваны на адвольным тлумачэнні заканадаўства, але і наўпрост скажае яго, ды і наогул не тычыцца дадзенай сітуацыі:
"Па-першае, Васьковічу дасылалі не “бандэроль з літаратурай”, а просты ліст. Таму незразумелая спасылка на п. 129 “правіл унутранага распарадку...” Цытуючы главу 7 “Правіл аказання паслуг паштовай сувязі”, дзе пералічваюцца дазволеныя для перасылкі рэчы, невядомы цэнзар адвольна абарваў цытату. П. 43 не сканчаецца словамі “мастацкія паштоўкі”, а мае працяг: “друкаваныя рэкламна-інфармацыйныя матрыялы, схемы і іншыя”. Пра гэта ж ідзе гаворка і ў Крымінальна-выканаўчым кодэксе, на які таксама спасылаюцца ў лісце".
На думку юрыста Алега Агеева, забарона на атрыманне гэткай інфармацыі асуджаным парушае яго правы и не адпавядае мэце пакарання, адной з якіх з'яўляецца рэсацыалізацыя асуджанага.
Post new comment