Як праявы салідарнасці зрабіць больш эфектыўнымі?
У Мінску вечарам 19 жніўня адбыўся круглы стол, прысвечаны тэме рэпрэсіяў супраць беларускай моладзі. Нагодай для аператыўнай арганізацыі мерапрыемства сталі затрыманне і арышт маладзёнаў за патрыятычнае графіці "Беларусь мае быць беларускай!"
У круглым стале “Рэпрэсіі супраць беларускай моладзі” прынялі ўдзел прадстаўнікі ініцыятывы "За Волю", БХД, моладзевых структур "Маладыя хрысціянскія дэмакраты", "Маладая Беларусь", "Альтэрнатыва", "Маладыя дэмакраты", "Малады Фронт", а таксама "Еўрапейскай Беларусі", "Беларускага руху", Праваабарончай арганізацыі "Веча",
Беларускага дакументацыйнага цэнтру.
Паводле слоў Паўла Севярынца, круглы стол закліканы скаардынаваць рэакцыю грамадзянскай супольнасці на ўзмацненне рэпрэсій і паспрыяць вызваленню палітвязняў.
Падчас круглага стала абмяркоўваліся тэма пераследу чатырох чалавек за патрыятычныя беларускамоўныя графіці "Беларусь мае быць беларускай!". (Два чалавекі – Максім Пекарскі і Вадзім Жаромскі зараз знаходзяцца за кратамі, яшчэ двое – пад падпіскай аб нявыездзе), тэма сацыяльнай неабароненасці беларускіх дабраахвотнікаў, якія бароняць украінскую зямлю ад расійскіх захопнікаў, узмацненне ціску на беларускіх футбольных фанатаў, а таксама праблема палітвязняў увогуле.
Удзельнікі круглага стала намераны рыхтаваць акцыі салідарнасці з палітвязнямі і ствараць міжнародны розгалас з нагоды узмацнення рэпрэсій. Так прапанавана 20 жніўня пад эгідай пікета па збору подпісаў за Анатоля Лябедзьку правесці акцыю салідарнасці з затрыманымі графітыстамі каля СІЗА на Валадарскага, 2. Меркаваны пачатак акцыі 18.00.
Бліжэйшым часам ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы і замежным арганізацыям-партнёрам будзе накіраваны зварот з інфармацыяй пра рэпрэсіі ў Беларусі.
У сваім выступе Павал Севярынец адзначыў, што узмацненне рэпрэсій адбываецца напярэдадні выбараў, паколькі уладам патрэбныя новыя палітвязні для далейшага "гандлю" імі з Еўропай, і да таго ж улады такім чынам застрашваюць грамадства.
Прысутныя далучыліся да заявы ПЦ "Вясна", у якой заклікаецца спыніць пераслед графітыстаў Максіма Пекарскага, Вадзіма Жаромскага, Вячаслава Касінерава, Яраслава Ульяненкава, а таксама ініцыявалі зварот да патэнцыйных кандыдатаў на выбарах прэзідэнта, каб яны абумовілі свой далейшы удзел у выбачай кампаніі спыненнем палітычных рэпрэсій і вызваленнем палітвязняў.
Удзельнікі круглага стала таксама заклікалі ўсіх неабыякавых грамадзян дасылаць лісты падтрымкі на адрас: 220030 Мінск, Валадарскага, 2, СІЗА №1, куды нядаўна перавялі Максіма Пекарскага (у хлопца заўтра дзень народзінаў) і Вадзіма Жаромскага.
Паводле "Новы Час"
Post new comment