Падтрымайце хлопцаў, што знаходзяцца ў СІЗА за патрыятычныя графіці
Двух з чатырох фігурантаў "справы графітыстаў" Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага перавялі ў СІЗА №1.
Дагэтуль нікому з падазраваных не былі прад’яўленыя абвінавачванні. Зараз хлопцам вельмі патрэбна падтрымка. Акрамя таго ў Максіма Пякарскага сёння дзень народзінаў, які яму прыйдзецца сустракаць за кратамі. Яму споўніцца 24 гады.
Лісты падтрымкі можна дасылаць на адрас: 220030 г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА №1. Пякарскаму Максіміліану Данілавічу і Жаромскаму Вадзіму Мікалаевічу. Таксама віншаванні для Максіма можна дасылаць заўтра тэлефанаграмай па кароткім нумар 166.
Таксама сёння ўвечары мае адбыцца пікет салідарнасці з затрыманымі графітыстамі. Акцыя запланаваная на 18.00 каля СІЗА №1 (Валадарскага, 2). Каб не было прэтэнзій з боку праваахоўнікаў, яна будзе праводзіцца пад шыльдай пікету па збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты.
Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенню беларуска-моўных графіці “Беларусь мае быць беларускай” і “Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…”, а таксама запэцкванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” ўжо выступіў з заявай на конт сітуацыі, якая склалася, і патрабуе неадкладнага вызвалення з-пад варты Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага.
Post new comment