У Мінску прайшоў пікет салідарнасці з аўтарамі патрыятычнага графіці
Акцыя салідарнасці з падазраванымі па "справе графітыстаў" Максімам Пякарскім і Вадзімам Жаромскім, якія зараз знаходзяцца за кратамі, адбылася 20 жніўня ў непасрэднай блізкасці ад СІЗА №1.
Як паведамляе сайт novychas.info, у акцыі, рашэнне пра правядзенне якой было прынятае на ўчорашнім круглым стале, прымалі ўдзел прадстаўнікі шэрагу дэмакратычных арганізацый (АГП, БХД, "Маладыя дэмакраты", "Маладая Беларусь", МХД, рух "Разам", "Беларускі рух" ды іншыя).
Мерапрыемства праходзіла ў межах пікета па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты старшыні АГП Анатоля Лябедзькі. У акцыі салідарнасці прыняў удзел і сам прэтэндэнт у кандыдаты.
У каментары палітык адзначыў, што тэма палітвязняў не страчвае актуальнасці:
"Чарговым затрыманнем маладых людзей за графіці ўлады дасылаюць пасланне, што ўсё можа быць, пасланне страху да грамадства. Вірус страху пасеяны вельмі шырока. З гэтым трэба змагацца. У тым ліку такімі акцыямі".
Пікет доўжыўся гадзіну. За акцыяй назіралі міліцыянты і супрацоўнікі беларускага тэлебачання.
Па інфармацыі Радыё Свабода, 20 жніўня Следчы камітэт выставіў абвінавачванні паводле частцы 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу – "Хуліганства, здзейсненае групай асобаў" за нанясенне беларускамоўных графіці і пэцканне білборду з выявай міліцыянтаў. З 11 жніўня Пякарскі і Жаромскі ўтрымліваюцца ў СІЗА на Валадарцы.
Post new comment