Расійскі суд прысудзіў украінскага рэжысёра да 20 гадоў калоніі
Паўночнакаўказскі акруговы ваенны суд у аўторак прызнаў украінскага кінарэжысёра Алега Сянцова вінаватым у арганізацыі тэрарыстычнай супольнасці.
Пра гэта паведамляе ВВС.
На мінулым тыдні пракурор у заключнай прамове папрасіў прысудзіць Сянцова да 23 гадоў калоніі строгага рэжыму, а левага актывіста Аляксандра Кольчанку - да 12 гадоў. Кольчанку ў выніку далі 10 гадоў.
Сутнасць абвінавачванняў супраць Алега Сянцова і Аляксандра Кольчанкі, вылучаных ФСБ і пракуратурай, складаецца ў тым, што мінулай вясной, пасля анексіі Крыму Расіяй, яны арганізавалі падпалы офісаў арганізацыі "Руская абшчына Крыму" і офіса "Адзінай Расеі" (які змяніў шыльду мясцовага офіса Партыі рэгіёнаў ) у Сімферопалі. Акрамя таго, ФСБ сцвярджае, што Сянцоў з паплечнікамі планавалі падарваць помнік Леніну.
"Я не буду ні пра што ў вас прасіць [...], усім усё зразумела. Суд акупантаў не можа быць справядлівым па вызначэнні. Нічога асабістага, вашамосць", - сказаў Алег Сянцоў у сваім апошнім слове на мінулым тыдні.
Праваабарончыя арганізацыі лічаць Алега Сянцова і Аляксандра Кольчанку палітвязнямі; улады Украіны патрабуюць іх неадкладнага вызвалення, як і вызвалення іншых украінскіх грамадзян, захопленых расійскімі праваахоўнымі органамі ў Крыме, у Данбасе і ў іншых месцах.
У абарону Сянцова выступілі, у прыватнасці, вядомыя еўрапейскія рэжысёры: Анджэй Вайда, Кшыштаф Занусі, Пэдра Альмадовар і іншыя - яны падпісалі ліст расейскім уладам, у якім заклікалі вызваліць іх маладога калегу.
Post new comment