Новы фільм пра Праграму імя Кастуся Каліноўскага
12-13 верасня на тэлеканале БЕЛСАТ адбылася прэм’ера дакументальнага фільма “Універсітэт Каліноўскага” да 10-годдзя Стыпендыяльнай Праграмы Польскага Ураду для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў і дзяцей з рэпрэсаваных сем'яў.
Рэжысёр фільма Сяргей Ісакаў з дапамогай кінахронікі адсочыў гісторыю стварэння Праграмы, пачынаючы з падзей 19 сакавіка 2006 года, калі больш за 30 тысячаў беларусаў выйшлі з пратэстам супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.
Некалькі дзён на Кастрычніцкай плошчы пратрымаўся намётавы гарадок, у якім сотні маладых беларусаў адстойвалі права жыць свабодна. Улады ўжылі самыя жорсткія рэпрэсіі: больш за тысячу чалавек трапілі ў турмы, каля 500 студэнтаў былі адлічаны з універсітэтаў. Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся да польскіх уладаў з заклікам дапамагчы беларускай моладзі, каб яны не баяліся пасля выключэння застацца без адукацыі, а мелі шанец працягнуць вучобу ў Польшчы
Рашэнне аб заснаванні Праграмы імя Кастуся Каліноўскага было прынята Урадам Польшчы за адну ноч.
Праз 11 дзён пасля Плошчы у Варшаве адзіны кандыдат у прэзідэнты ад аб’яднанай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч і польскі прэм’ер Казімеж Марцынкевіч у прысутнасці рэктараў вядучых універсітэтаў краіны падпісалі дамову аб стварэнні Праграмы.
З тых часоў ужо некалькі сотняў дзяўчат і хлопцаў атрымалі адукацыю у Польшчы. Пра лёс некаторых з іх глядач даведаеца з фільма. Удзельнікі расказваюць аб сваім жыцці, аб студэнцкіх працах, якія тэматычна звязаны з Беларуссю, аб тым, як яны бачаць сваю будучыню, якую перспектыву ўяўляюць для сябе пасля атрымання дыпломаў. Мы бачым, што сённяшнія каліноўцы асобная студэнцкая супольнасць, якая адрозніваецца ад іншых беларускіх студэнтаў, што вучацца ў той жа Польшчы, ці дома ў Беларусі. Гэта новае пакаленне маладых беларусаў – грамадска актыўных, адукаваных, неабыякавых да лёсу краіны. Гэта моладзь, якая здольна мысліць па-еўрапейску, але ў беларускім кантэксце.
Фільм сведчыць, Праграма Каліноўскага не толькі новая акадэмічная рэчаіснасць у беларускім грамадстве але, бадай што, самае жыццяздольнае пачынанне беларускай апазіцыі за апошнія 10 гадоў.
Post new comment