Мікалай Дзядок: «Дапамагала выжываць разуменне сваёй рацыі і велічэзная падтрымка з волі»

Першае, галоўнае, чаму вучыць турма, – уменне адказваць за свае ўчынкі. Турма – гэта сціснутая прастора, дзе прычынна-следчыя сувязі адбываюцца хутчэй. Учыніў ты нешта дурное ці подлае – гэта вельмі хутка вернецца.

Былы палітвязень з’язджае за мяжу і прызнаецца, што пакуль не гатовы прабачыць былых паплечнікаў, якія далі на яго паказанні.

З Мікалаем Дзядком журналістка "Новага Часу" пазнаёмілася незадоўга да арышту, будучы аднагрупніцай на завочнай паліталагічнай праграме ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Сапраўднага ідэалагічна падкаванага анархіста я тады ўбачыла ўпершыню і была ўражаная яго начытанасцю і грунтоўнасцю. Праз два месяцы Мікалая арыштавалі, і наступны раз мы ўбачыліся толькі праз пяць з паловай гадоў.

За час зняволення Мікалай вонкава практычна не змяніўся – такі ж жвавы і ўсмешлівы хлопец. Былога зэка ў ім выдае толькі надзвычай кароткая стрыжка і сляды ад парэзаных венаў на руках – так Дзядок спрабаваў прыцягнуць увагу турэмнай адміністрацыі, якая некалькі разоў запар адпраўляла яго ў ШЫЗА. Пасля вызвалення Мікалай дарма часу не губляў: аднавіўся ў ЕГУ і з 1 кастрычніка распачынае вучобу па праграме «Сусветная палітыка і эканоміка» на дзённым аддзяленні ў Вільні.

«У ГОРАЦКАЙ ТУРМЕ ЛЮДЗЕЙ МАРАЛЬНА ЗАБІВАЮЦЬ»

– Мікалай, як цяпер здароўе?

– Жывы – гэта галоўнае. Буду зараз абследавацца ў лекараў. Спадзяюся, нічога страшнага не знойдуць.

– Не шкада з’язджаць з краіны, толькі вярнуўшыся на волю да сваякоў і сяброў?

– Канешне, шкада, але што рабіць – неабходна атрымаць вышэйшую адукацыю. Мне ўжо 27 гадоў, вечны студэнт… Трэба неяк свае веды сістэматызаваць і ўмацаваць. За пяць гадоў надакучыла самаадукацыяй займацца. Еду ж не адзін – з жонкаю.

– Ты сядзеў у горацкай калоніі, у якой склалася надзвычай дрэнная рэпутацыя. Там жа адбываў пакаранне Зміцер Дашкевіч, які назваў яе самай жахлівай калоніяй у Беларусі. Ці сапраўды гэта так?

– Па маіх назіраннях і расповедах старых арыштантаў, у Горкі звозяць тых, хто асуджаны «па бесу» – палітычных ды тых, чые судовыя справы былі сфабрыкаваныя. Там людзей маральна забіваюць, ствараюцца такія ўмовы, калі цалкам душыцца індывідуальная воля. Не, такога, каб біць альбо пазбаўляць ежы – гэтага няма. Але вакол кожнага чалавека, які хоць крышачку незалежны, хоць крышачку спрабуе адстойваць свае правы, ствараецца такая атмасфера, калі крок налева, крок направа – і ён адразу едзе ў карцар. Вакол яго кучкуюцца натоўпы стукачоў, якія дакладаюць пра ўсё. Гэта першая зона, якую я бачыў, дзе караюць не толькі за ўжо здзейсненае парушэнне, але ўжо за тое, якое толькі рыхтуецца. Было такое, калі чалавек, што пад наглядам адміністрацыі, падымаўся ў зону з ШЫЗА, і да яго падыходзіў перамовіць звычайны зэк – дык той, хто падышоў, адразу сам ехаў у карцар на дзесяць сутак. Толькі за тое, што пагутарыў.

Са мной практычна ніхто з вязняў не хацеў кантактаваць, бо ўсе ведалі, што калі са мною пагутарыш альбо пап’еш гарбаты – адразу сам паедзеш у ШЫЗА. Але была і такая гісторыя – пасля карцара са мной літаральна пару дзён пашпацыраваў адзін хлопец. Спачатку ён двойчы атрымаў па дзесяць сутак карцару, а пасля паехаў у ПКТ (памяшканне крытага тыпу – аўт.). Вось гэта горацкая калонія.

– Як зэкі выжываюць у такіх жорсткіх умовах?

– Той, хто змагаецца за свае правы, у самой зоне жыве нядоўга. Ён альбо едзе «пад крышу» – у ПКТ, альбо ў крытую турму, альбо яго раскручваюць па 411 артыкуле (парушэнне рэжыму адбыцця пакарання – аўт.). Што да мяне, у любых умовах мне дапамагала выжываць разуменне сваёй рацыі і велічэзная падтрымка з волі. Радаснымі былі тыя дні, калі прыходзіла незалежная прэса, розныя часопісы. Сядзіш ва ўсёй гэтай шэрасці і аднастайнасці, табе прыходзіць часопіс кшталту «National Geographic», разгортваеш яго – а там гэтыя каляровыя карцінкі пра свет, пра жыццё, пра ўсё тое, чаго ты пазбаўлены!.. Думкамі пераносішся туды, вандруеш па іншых краінах – гэта дапамагае адцягнуцца ад турэмнай руціны.

«У КАЛОНІІ – ЖЫЦЦЁ РОБАТА»

– Твой паплечнік Ігар Аліневіч распавёў, што ў карцары яму было прасцей, чым у калоніі. А ў цябе якія ўражанні?

– У гэтым ёсць вялікая доля ісціны. Я не вельмі шмат быў у калоніі, з усяго тэрміну я толькі год быў у зоне, а чатыры гады я прасядзеў у камерай сістэме. Але я згодны, калонія – гэта мітусня. Усё падпарадкавана дэталёваму рэжыму, трэба выконваць механізаваныя дзеянні – такое жыццё робата. Ты не можаш застацца са сваімі думкамі, не можаш засяродзіцца, падумаць пра важнае для цябе. У калоніі вакол цябе заўжды нейкія правакатары, ты вымушаны глядзець на твары, які б ты, можа, і не хацеў бачыць. І калі гэта цягнецца месяц за месяцам, год за годам – тады ШЫЗА, нягледзячы на вельмі дрэнныя бытавыя ўмовы, падаецца збаўленнем. Ты застаешся сам-насам з сабою, маральна ачышчаешся ад таго шалупіння, што на цябе наліпла ў калоніі.

Калі казаць пра ПКТ – удасканаленае ШЫЗА, – там больш вольнага часу, чым у калоніі. У адрозненні ад карцара, туды можна праносіць кнігі, весці перапіску, атрымліваць газеты. Калі я там сядзеў, кожную вольную хвіліну стараўся праводзіць з карысцю – займаўся спортам, ёгай, падцягнуў англійскую і беларускую, пачаў вывучаць арабскую мову. Стараўся меней валяцца, меней спаць – разумеў, што калі я выйду, у мяне не будзе столькі вольнага часу для навучання. Яно так і сталася.

– Чаму цябе навучыла турма?

– Першае, галоўнае, правіла, якому цябе вучыць турма, – гэта ўменне адказваць за свае ўчынкі. Турма – гэта сціснутая прастора, дзе прычынна-следчыя сувязі адбываюцца хутчэй, чым на волі. Напрыклад, калі ты ўчыніў нешта дурное альбо подлае – гэта вельмі хутка вернецца, калі зрабіў нешта добрае – таксама вяртаецца імгненна. У турме хутка вучышся несці адказнасць за кожнае слова і ўчынак. Па-другое, я навучыўся нашмат больш цаніць сяброў, блізкіх людзей, цаніць добрыя стасункі між людзьмі. Там я наглядзеўся ўсялякага, пабачыў шмат бруду, негатыву, поўнай адсутнасці ў многіх людзей паняткаў «дабро» і «зло». У турме я яшчэ глыбей асэнсаваў, што стасункі між людзьмі павінны грунтавацца на любові да бліжніх і на братэрстве – без гэтага не будзе ані душэўнага спакою, ані нейкіх змен у грамадстве.

– Ці магчымыя ў гэтым брудзе праявы звычайных чалавечых стасункаў – сяброўства, узаемадапамогі?

– Безумоўна, я сустракаў гэта, і неаднойчы. Бачыў чыстае шчырае сяброўства, самаахвяраванне адных людзей дзеля іншых. Гэта, канешне, здараецца рэдка, з’яўляецца хутчэй выключэннем з правілаў, і тым больш яскрава заўважна на фоне ўсяго гэтага негатыву. Гэта праяўляецца ў той жа самай турэмнай традыцыі «сустрэчы», калі вязні сустракаюць тых, хто выходзіць з ШЫЗА, накрытым сталом (звычайна гэта гарбата з шакаладам) і даюць рэчы першай неабходнасці. Я заўважаў, як звычайныя хлопцы-крымінальнікі, даведаўшыся, што я быў у карцары, падтрымлівалі мяне, зыходзячы не толькі з турэмнага этыкету, але і таму, што яны бачылі, што міліцыянты прэсавалі мяне «па бесу» – без аніякай падставы. Я бачыў шчырае спачуванне на свой адрас. Быў выпадак, калі адзін хлопец дапамог мне «выгнаць» інфармацыю на волю. Аператыўнікі пра гэта даведаліся, і таму хлопцу далі сем сутак ШЫЗА. Мне было прыемна бачыць, што пасля гэтага ён не толькі на мяне не злаваўся, але і працягнуў сябраваць як ні ў чым не бывала. Такая вось прынцыповасць, гатоўнасць да самаахвяравання – гэта ўражвае ў турме.

«АСАБЛІВАЙ ПАВАГІ ДА ПАЛІТЫЧНЫХ У ТУРМЕ Я НЕ ЗАЎВАЖЫЎ»

– Колькі часу табе спатрэбілася, каб адаптавацца да статусу «зэка»?

– Месяц – і я заўважаю, што інтуітыўна хаваю забароненыя рэчы ад наглядчыкаў; пачынаю, так бы мовіць, «ботаць па фене» са сваімі сукамернікамі; вучуся ілгаць начальнікам, каб не здабыць непрыемнасцяў. Зэкаўскія звычкі выпрацоўваюцца вельмі хутка.

– Ці выдзялялі вязні тваю палітычнасць?

– Многія прасілі напісаць судовыя скаргі – па меры магчымасці дапамагаў. Часта падыходзілі абмеркаваць падзеі ў Беларусі і ў свеце. Пыталіся, што будзе на выбарах, што будзе з Амерыкай і што мяркую пра Пуціна. Але чэмпіёнам было пытанне: «Ці доўга наш вусаты пратрымаецца?». Чамусьці ўсе думалі, што я гэта ведаю. Нацкаваныя адміністрацыяй зэкі спрабавалі ціснуць, а многія, і наадварот, шакаладкай маглі пачаставаць. Аднак павагі да «палітычных», якая была раней, я не заўважыў. Хутчэй, ёсць насцярожанасць змешаная з цікаўнасцю.

– Ці думаў, што давядзецца адсядзець пяць гадоў?

– Калі шчыра, напачатку былі ілюзіі, што вось Еўропа нас выцягне, што не будуць даваць вялікіх тэрмінаў. Ну хіба можна даваць чатыры з паловаю гады за шыбы, што я нібыта разбіў і нібыта здымаў гэта на відэа? Думаў, што абыдзецца хіміяй ці нейкімі меншымі тэрмінамі. Але калі я паглядзеў, як на судзе сябе паводзяць суддзя і пракурор, зразумеў, што гэта адназначна замова спецслужбаў. Цікава, што яшчэ на стадыі следства аператыўнік з КДБ выказаў меркаванне, што я атрымаю чатыры з паловай гады, а «экстрэмал» Аліневіч, як ён яго назваў, – восем гадоў. Вось так яшчэ да пачатку суду ён нам прадказаў тэрміны, і гэтыя прадказанні збыліся. Канешне, ні пра якую незалежную сістэму гаворкі быць не можа – суддзя і пракурор проста ігралі ролі ў судовым спектаклі.

Я маю сярэднюю спецыяльную юрыдычную адукацыю, таму ўсё гэта назіраць было асабліва прыкра. Ты вывучаеш усе гэтыя законы і працэсы, табе сур’ёзна тлумачаць, наколькі права важна для функцыянавання дзяржавы і развіцця грамадства, а пасля ты сядзіш у судовай клетцы і думаеш, а навошта ты траціў на гэта ўсё час, калі ў нашай краіне гэта зусім не працуе. Прыкра было, што ўсе каласальныя высілкі адваката і маіх бацькоў не прынеслі ў судзе ніякага плёну.

– Падчас следства на цябе далі паказанні некаторыя з паплечнікаў па анархічным руху. Ці выходзілі яны на сувязь па вызваленні?

– Не, і кантактаваць з імі, я ўпэўнены, ніхто з нас не будзе. Са здраднікамі і хлусамі размовы быць не можа. Жыццё іх пакарае.
 

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.