Давесці свету, што Беларусь не хоча дыктатуры
Лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык у перадачы «Інтэрв'ю тыдня» Радыё Свабода распавёў, чым можа быць карыснай для Беларусі палітычная эміграцыя, чаму беларусы ня цэняць пакутнікаў і чаму пасіўны байкот ня мае ніякага сэнсу.
«Супраць Беларусі вельмі шмат працуюць за мяжой»
– 15 верасня вы вярнуліся ў Менск пасля амаль пяці гадоў вымушанай эміграцыі ва Украіне. Вы адразу заявілі, што будзеце працягваць займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю. Што стала непасрэднай прычынай вашых уцёкаў з Беларусі?
– Крымінальная справа пасля Плошчы. Мяне спрабавалі узяць яшчэ 18 снежня першы раз. Потым, пасля таго як я быў вядучым прэсавай канферэнцыі апазіцыі 20 снежня, 25 снежня супрацоўнікі КДБ прыйшлі на маю кватэру з ператрусам. Таму я вымушаны быў у лютым часова з'ехаць за мяжу.
– Цяпер ваша справа закрытая?
– Улады даўно дэкларавалі, што справа закрытая. Усе пра гэта казалі, нават сам Лукашэнка.
– Вячаслаў, вось адзін з нядаўніх вяртанцаў – Алесь Міхалевіч – заявіў, што пакуль ня бачыць сябе ў сённяшняй беларускай палітыцы. Вы лічыце, што ў сённяшніх рэаліях вам знойдзецца свая ніша ў палітыцы?
– Я проста нічога не збіраюся мяняць. За мяжой, і ва Украіне, і ў Польшчы і Чэхіі, я праводзіў акцыі, якія былі патрэбныя Беларусі. Тое самае буду рабіць і тут.
– Як са свайго досведу вы можаце ацаніць неабходнасць палітычнай эміграцыі для беларускай справы? Ці сапраўды людзі там, за межамі, могуць прынесці шмат карыснага краіне – ці для Беларусі было б лепш, каб большасць з іх вярнуліся на радзіму?
– Кожны павінен сам адказваць на гэтае пытанне. Але палітычная эміграцыя вельмі патрэбная сённяшняй Беларусі. Людзі забыліся гісторыю – як трапіў у Расею Ленін, як прыехаў у Кубу Фідэль Кастра, дый нават прыклад Гарыбальдзі.
Трэба разумець, што супраць Беларусі вельмі шмат працуюць за мяжой. І каб мінімізаваць працу Лубянкі і спецслужбаў Лукашэнкі, трэба актыўная беларуская дзейнасць. На жаль, яе не хапае. Таму я проста заклікаў бы тых людзей, якія на эміграцыі, да больш актыўнай дзейнасці – бо шмат гаворыцца няпраўды пра Беларусь менавіта з маскоўскай падачы.
– Калі не памыляюся, рух «Разам» шмат якія свае акцыі праводзіць асобна, без кааліцыяў з іншымі апазіцыйнымі структурамі. Чым гэта можна патлумачыць? Вы не давяраеце «статуснай» апазіцыі?
– Рух салідарнасці «Разам» у свой час уваходзіў ажно ў дзве кааліцыі – у «Еўрапейскую кааліцыю» Статкевіча і быў адным з заснавальнікаў Беларускага незалежніцкага блок. Мы проста даволі позна з'явіліся, у выніку Плошчы 2006 году, калі палітыкай у Беларусі ужо было немагчыма займацца. Таму пры фармаванні праграмных прынцыпаў мы узялі тое, што прымушае нас дзейнічаць, а не мірыцца з рэчаіснасцю. Тры праграмныя мэты – барацьба з этнацыдам, падтрымка прадпрымальнікаў і вызваленне палітвязняў. Гэтыя мэты могуць быць цалкам рэалізаваныя нават ва умовах сённяшняй дыктатуры. І цяперашняе вызваленне палітвязняў толькі падкрэслівае мае словы.
Унікальнасць беларускай дыктатуры якраз ляжыць у першай нашай праграмнай мэце. Бо я ня ведаю іншых дыктатарскіх рэжымаў, якія б вынішчалі культуру і мову таго народу, якім яны кіруюць.
Я ня ведаю іншых дыктатарскіх рэжымаў, якія б вынішчалі культуру і мову таго народу, якім яны кіруюць
– У 1996 годзе пасля Чарнобыльскага шляху вы сталі адным з першых палітвязняў у Беларусі, калі вы і Юры Хадыка былі арыштаваныя і трымалі галадоўкі 21 дзень. За гады сваёй палітычнай дзейнасці вы паспрабавалі розныя варыянты барацьбы. Які з іх на сёння вы лічыце аптымальным для Беларусі?
– Толькі негвалтоўны супраціў. Бо трэба цудоўна разумець, што тыя глабальныя працэсы, якія ідуць сёння ва Усходняй Еўропе, могуць прывесці да таго, што уся Беларусь можа стаць аб’ектам маніпуляцыяў. Ва Украіне падчас «памаранчавай рэвалюцыі» я быў кіраўніком групы, мы ня толькі назіралі за працэсамі, мы ў іх удзельнічалі.
Тое, што сёння адбываецца ва Украіне, павінна стаць папярэджаннем для Беларусі. Мы павінны выкарыстаць гэты месяц для таго, каб беларускае грамадства зразумела пагрозы і не дапусціла паўтору 1994 году, калі усе праспалі Лукашэнку. Цяпер беларусы, на жаль, ня бачаць таго, што будзе літаральна праз месяц – а будуць вельмі кепскія падзеі.
«Гэта падкінулі аналітыкам, якія кажуць, што калі будзе Плошча, то будзе страшна, кроў і трупы»
– То бок вы былі ва Украіне і кажаце, што Майдан – гэта ня наш варыянт?
– Не. Якраз усё ня так проста і прымітыўна. Гэта падкінулі аналітыкам, якія кажуць, што калі будзе Плошча, то будзе страшна, кроў і трупы. Насамрэч, калі ня будзе мірнага супраціву, то будуць рэпрэсіі, як у 30-я гады. І паколькі мы ня маем узброеных сілаў, то нічога, акрамя мірнага супраціву, нам ня дадзена. Мы мусім адстойваць свае правы і свабоды. І не даваць свету прымаць маніпуляцыі, што беларусы быццам бы самі вінаватыя, самі хочуць дыктатара і Расіі. Вось калі такая маніпуляцыя будзе зроблена, то будзе страшная катастрофа, якая можа панесці тысячы жыццяў. Калі ня будзе вулічных пратэстаў, то менавіта па гэтым сцэнары нас і вядуць.
– У 1996 годзе вы і Хадыка былі першымі палітвязнямі, і здавалася, што як толькі вы выйдзеце, вам гарантаваныя палітычныя перамогі. Але гэтага не адбылося, і потым тое самае мы назіралі ў выпадку з Казуліным, цяпер – са Статкевічам. Ці азначае гэта, што беларусы ня любяць пакутнікаў?
– Нашы людзі нармальна рэагуюць. Але не забывайце, што грамадскія уяўленні фармуюцца тэлевізарам. Людзі зарабляюць на жыццё, і ня так шмат часу дадзена чалавеку, каб пра яго памяталі. А праз пакуты ў беларускіх турмах праходзяць усе.
– Я трошкі пра іншае, пра маральны выбар. Адзін палітык паводзіў сябе бескампрамісна. Вытрымаў, ні ў чым ня здрадзіў, выйшаў з турмы – і ня мае асабліва ніякіх палітычных дывідэндаў. Іншы рабіў сумнеўныя заявы, але пра гэта усё забылі, і цяпер ён, умоўна скажам, больш вядомы і папулярны, чым той, які сядзеў. Як гэтую дылему вырашаць беларускім палітыкам – ісці на кампрамісы ці свядома выбіраць самаахвярнасць і пакуты?
– Вядома, я нікога не заклікаю ісці на пакуты – гэта было б занадта. Але трэба разумець вельмі простую рэч – калі хтосьці здаецца, ён вельмі моцна пагаршае жыццё чалавека ў суседняй камеры. Ён практычна расплачваецца тым, што атрымаў розныя магчымасці, з тымі людзьмі, якія трымаюцца і якія адзіныя давалі усе гэтыя гады перспектыву для беларускай нацыі.
«Пасіўны байкот ня мае ніякага сэнсу»
– Цяпер ідуць моцныя спрэчкі сярод тых апазіцыйных сілаў, якія вырашылі ня браць удзел у гэтых выбарах, наконт варыянту свайго няўдзелу. Ці проста пасіўны няўдзел, як прапаноўвае Уладзімер Мацкевіч, непрыход на выбарчыя участкі, ці розныя варыянты актыўнага пратэсту, пра што кажуць Мікола Статкевіч і Уладзімер Някляеў?
– Пасіўны байкот ня мае ніякага сэнсу. Людзі ня ведаюць пра каруселі, якія ў Беларусі прымяняюцца здаўна. Толькі калі беларусы самі здолеюць падняць свой сцяг, нарэшце прагучыць правільны лозунг – «беларусы павінны жыць заможна». Пры сённяшняй уладзе гэтага быць ня можа.
Самая галоўная небяспека гэтага выбарчага фарсу – наяўнасць нейкага план ў Уладзімера Пуціна наконт Беларусі. Таму я б заклікаў калегаў па апазіцыі падтрымаць нашу кампанію «Не – вайне». І заклікаю да таго, каб мы разам паспрабавалі спыніць гэтае казацтва, якое нечакана з'явілася ў Беларусі. Я вельмі баюся, што гэтыя кандыдаты, якія усе невыпадковыя, таксама выконваюць нейкія функцыі, якія вельмі кепска могуць скончыцца ў Беларусі.
Post new comment