360 сутак у штрафным ізалятары
Былы палітвязень Яўген Васьковіч, вызвалены 22 жніўня 2015 года ўказам Лукашэнкі, распавёў «Беларускаму дакументацыйнаму цэнтру» пра тое, колькі сутак яму давялося правесці ў камеры штрафнога ізалятара
– За ўвесь тэрмін я правёў у камеры ШІЗА 360 сутак, улічваючы ПКТ ў калоніі. Адміністрацыя ж, даючы пра гэта інфармацыю майму адвакату, значна занізіла колькасць сутак.
– Яўген, а Вы не маглі б падрабязней распавесці аб камеры ШІЗА? Што яна з сябе ўяўляе, што можна браць з сабой?
– Памяшканне паўтара на тры метры. І днём, і ноччу цьмянае святло. Ёсць рукамыйніца і туалет. З рэчаў дазволеныя: шчотка, паста, ручнік, мыла і куртка. Таксама ёсць нары (днём ляжак прыфастрыгоўваецца да сцяны, так каб арыштаваны не змог прылегчы), зэдлік, умураваны ў падлогу і стальніца. Акрамя прадугледжанай ежы і адзення з сабой браць нічога нельга. Шпацыраў няма. Вось, у прынцыпе, і ўсё.
– Яўген, адкуль вы чэрпалі сілы? Як вы ўсё гэта вынеслі?
– Сілы чэрпаў з падтрымкі і ўсведамлення сваёй праваты.
– Што Вы вынеслі з гэтага вопыту?
– «Зона» навучыла мяне прасцей глядзець на ўласныя недахопы і кіраваць імі, ператвараючы іх у моцныя бакі свайго характару.
– Чым Вы плануеце займацца ў бліжэйшы час?
– Планую працягваць сваю палітычную дзейнасць, толькі цяпер буду дзейнічаць па новых метадах. А таксама працягну сваю працу ў «Бабруйскім кур'еры».
Яўген Васьковіч нарадзіўся ў Бабруйску 26 лютага 1990 года, член аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". Ён быў абвінавачаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым за спробу падпалу будынка бабруйскага КДБ. 18 мая 2011 года Васьковіч быў асуджаны паводле ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч. 3 арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйных памерах) на сем гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Post new comment