Прадстаўнікі апазіцыі падпісалі заяву з патрабаваннем вызвалення Бандарэнкі і Жамчужнага
На сустрэчы апазіцыйных лідараў 23 верасня ў офісе АГП была прынятая супольная заява пра тое, што за кратамі па-ранейшаму застаюцца палітвязні - праваабаронцы Андрэй Бандарэнка і Міхаіл Жамчужны.
Заява адкрытая для падпісання на офісе АГП (г. Мінск, ул. Веры Харужэй, 22-1701). Як паведамляе сайт ucpb.org, пакуль што яе падпісалі Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Некляеў, Вячаслаў Сіўчык. Вось тэкст дакумента:
Свабоду палітвязням Андрэю Бандарэнке і Міхаілу Жамчужнаму!
Улады Беларусі заяўляюць пра вызваленне ўсіх палітвязняў, але за кратамі застаюцца праваабаронцы Андрэй Бандарэнка і Міхаіл Жамчужны, крымінальныя справы супраць якіх былі інспіраваныя спецслужбамі рэжыму Лукашэнкі з мэтаю разгрому ачоліваемай імі праваабарончай арганізацыі «Платформа Інавэйшн», якая адзіная сур’ёзна працавала па пытанні парушэння правоў чалавека ў беларускіх турмах.
Мы патрабуем ад уладаў неадкладнага вызвалення Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага і поўнай рэабілітацыі, як іх, так і раней вызваленных палітвязняў.
Звяртаемся да беларускай і міжнароднай грамадскасці з заклікам правядзення кампаніі салідарнасці з беларускім палітвязнямі Андрэем Бандарэнкам і Міхаілам Жамчужным!
Свабоду палітвязням!
Post new comment