Жанчына, звольненая за сяброўства ў незалежным прафсаюзе, напісала зварот Лукашэнку

Аксана Кернажыцкая, сябра суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА), згубіла працу ў жніўні. Яна бездакорна адпрацавала на заводзе 19 гадоў, не мела дысцыплінарных спагнанняў. Зараз жанчына ў пошуках працы, яна адна гадуе 12-гадовага сына.

"Адміністрацыя прадпрыемства не паклапацілася, каб назваць нам прычыны звальнення. Але ўсе ведаюць, што гэта помста дырэктара завода за наша сяброўства ў Свабодным прафсаюзе Беларускім", – заяўляе бабруйчанка.

Нагадаем, Аксана Кернажыцкая звярталася па дапамогу да старшыні гарвыканкаму Андрэя Каваленкі, да старшыні аблвыканкаму Уладзіміра Даманеўскага. Ёй нават паабяцалі дапамагчы, але не зрабілі гэтага. "Свабодаўка" вырашыла звярнуцца з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі, каб запытацца ў яго: "Як я магу галасаваць за Вас? За што? За расправу над намі, працоўнымі завода? Над намі і нашымі дзецьмі?"

"Звярнуцца да Вас мяне прымусіла сітуацыя, якая ўзнікла толькі з-за дзеянняў чыноўнікаў-бюракратаў, якія вам служаць, якімі вы кіруеце", – піша Аксана Кернажыцкая. У лісце яна расказвае не толькі пра сябе, але і пра іншых звольненых з ТДіА сябраў СПБ. У першую чаргу яна ўзгадвае Сяргея Пічугова, з ім не працягнулі кантракт, яго жонка ў дэкрэтным, тры сына, два з якіх малалетнія.

"Работнікі ТДіА і раней звярталіся да Вас за абаронай, калі іх, высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія шмат гадоў прапрацавалі на гэтым прадпрыемстве, выкінулі на вуліцу, – ва ўрон вытворчасці, толькі за тое, што яны з'яўляюцца сябрамі Свабоднага прафсаюза Беларускага. І нават праведзеная імі галадоўка – акт адчаю, не была вамі пачутая... Для распраў над безабароннымі жанчынамі і нашымі дзецьмі дырэктар завода Аляксандр Аграновіч, які з'яўляецца яшчэ і дэпутатам Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў і бацькам двух малалетніх дачок, выкарыстоўвае як "дубіну" Ваш Дэкрэт № 29 ад 26 чэрвеня 1999 года "Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванню працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны", – гаварыцца ў лісце.

"Асаблівым цынізмам і подласцю "патыхае" заява адміністрацыі завода з нагоды таго, як Пічугову і яго жонцы ўтрымліваць цяпер сваю сям'ю. Адказ уразіў сваім цынізмам, – пражывуць, маўляў, на дзіцячую дапамогу. Гэта значыць – фактычна нам прапанавана ціха паміраць ад галечы і голаду", – піша бабруйчанка.

"Якімі б "амбіцыямі" і гэтак далей не кіраваліся чыноўнікі, але змагацца з груднымі дзецьмі – гэта подла і нізка. Аляксандр Рыгоравіч! Прыміце меры ці не называйце больш нас "сваім народам", – рэзюмуе Аксана Кернажыцкая напрыканцы звароту.

Паводле spring96.org
 

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.