Вядомыя ўкраінцы выказалі падтрымку беларускім добраахвотнікам
Вядомыя ўкраінцы выказалі падтрымку беларускім добраахвотнікам якія са зброяй у руках адстойваюць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.
У адмысловым відэазвароце музыка Алег Скрыпка, музыка і радыё-DJ Сяргей Кузін, тэлевядоўца Ала Мазур і вязень сумлення Міраслаў Марыновіч захапляюцца песняй загінулага Алеся Чаркашына ды дзякуюць воінам-беларусам.
Саліст гурта “Воплі Відоплясова” Алег Скрыпка гаворыць пра “хлопцаў-беларусаў”, што яны – “супергероі, якія ваююць на чужой зямлі, праліваюць кроў, аддаюць свае жыцці”.
Голас вядоўцы ўкраінскага “Радыё Рокс” Сяргея Кузіна добра знаёмы многім беларусам: да 2004 году Сяргей працаваў на “Альфа радыё” ў Мінску. Пра кружэлку Алеся Чаркашына ён выказаўся так:
“Я веру: і словам, і таму, што ён зрабіў у гэтай музыцы. Гэта самае яскравае пацвержанне таго факта, што музыка робіць чалавека несмяротным. Тыя, хто паліваюць іх брудам, хай хаця б пра гэта падумаюць: нармальныя, дарослыя, квітнеючыя людзі так кардынальна мяняюць сваё жыццё”.
Уладальніцу вялікай колькасці тэлеўзнагарод Алу Мазур пазнаюць тыя, хто па кабельным ці спутнікавым ТБ глядзіць украінскі канал “1+1”. Яна нагадала, што праблема легалізацыі беларусаў-добраахвотнікаў дагэтуль не вырашана:
“Даць грамадзянства тым, каго за дапамогу Украіне могуць пасадзіць за краты, — па-мойму, найменшае, што мела б зрабіць незалежная дзяржава сваім абаронцам. Я не хачу зараз казаць тым хлопцам “Трымайцеся!”. Я хачу сказаць чыноўнікам, якія абыякава жыруюць у кабінетах: мы гэту тэму не пакінем, і ў вас не атрымаецца закапаць яе ў стосе папер”.
Віцэ-рэктар Украінскага каталіцкага ўніверсітэта Міраслаў Марыновіч добра ведае кошт змагання за свабоду. У 1978-м яго асудзілі на 7 год лагероў строгага рэжыму і 5 год ссылкі за “правядзенне антысавецкай агітацыі і прапаганды”. Пазней Міраслаў Марыновіч актыўна ўключыўся ў праваабарончы рух у савецкай Укране.
“Алесь Чаркашын прыйшоў да нас дапамагчы на вайне, але цяпер ён прыйшоў да нас сваёй песняй, у якой ён вельмі дакладна сказаў, чаму ён памірае за гэту зямлю. Гэта вялікі прыклад пабрацімства паміж нашымі народамі”, — лічыць Міраслаў Марыновіч.
33-гадовы берасцеец Алесь Чаркашын далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў у ДУК “Правы Сектар” на пачатку 2015 году пад пазыўным “Тарас”. 10 жніўня ён быў цяжка паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе. Праз 18 дзён хлопец памёр у вайсковым шпіталі. Алесь добра граў на гітары. Уласную песню “Не здавайся!” ён запісаў незадоўга да сваёй смерці. Аднайменную кружэлку і кліп ужо пасмяротна зрабілі сябры Чаркашына. У плытку ўвайшлі студыйныя запісы, два з якіх прысвечаныя вайне ва Украіне. Усе грошы ад продажу дыска перадаюць беларусам, што ваююць у складзе тактычнай групы “Беларусь” і добраахвотніцкіх батальёнаў.
Больш падрабязнасцяў на сайце mfront.net
Post new comment