Першы каліновец: «Змяню прозвішча – і паеду ў Беларусь»

Напярэдадні дзесяцігоддзя праграмы Каліноўскага Зміцер Зубро распавёў «Белсату», чым адрозніваецца Польшча ад Беларусі, як шукаць працу ў Варшаве і калі збіраецца вяртацца на радзіму.

Я быў адным з першых пятнаццаці чалавек, якія трапілі на праграму: камусьці пагражала крымінальная адказнасць, камусьці – войска, камусьці – адлічэнне з універсітэту. На мне артыкул вісеў яшчэ да выбараў 2006 года. Сам я з Барысава, а трапіўся ў Менску напрыканцы 2005 года, калі з сябрам расклейваў налепкі і маляваў графіці ў падтрымку кампаніі «16». Тады ініцыятыва ўжо пакрысе развальвалася, людзі пераходзілі ў рух «За свабоду!». Мы абклеілі будынак у самым цэнтры гораду, як потым аказалася – нейкай дзяржаўнай установы. Я зразумеў, што на нас паскардзіўся ахоўнік. Карацей, нас дагналі. Балоны мы паспелі скінуць, але налепкі яны знайшлі, паклалі нас на зямлю, закавалі ў кайданкі. Ніхто не ведаў, што з намі рабіць: спачатку хацелі прыпісаць дробнае хуліганства, потым вырашылі афармляць 363-ці артыкул, частку 2 – «супраціў міліцыі». Пагражала ад двух да пяці гадоў.

Наш пракурор быў родам з Барысава. Праз некалькі содняў у ізалятары часовага ўтрымання ён дазволіў нам сядзець да суда дома, пад падпіскай аб нявыездзе. А наагул, нас маглі спакойна закрыць у камеры – артыкул быў сурʼёзны. Але, мяркую, пракурор разумеў, што справа сшытая з нічога. Аднак, на носе былі выбары, і яны не маглі проста ўзяць ды адпусціць такіх радыкальных хлопцаў, як мы.

Пасля суда мне патэлефанавалі з «Вясны», сказалі, што ёсць такая праграма Каліноўскага – і я падыходжу паводле ўмоваў. Праз месяц я павінен быў пачаць адбываць пакаранне – ехаць на «хімію» ў вёску. Другім варыянтам было хутка з’ехаць у Польшчу. Наўпрост туды я ехаць не мог праз падпіску аб нявыездзе. Урэшце ў дваццатых днях траўня я паехаў у Маскву, адтуль – у Кіеў, некалькі дзён пажыў там у офісе «Пары», усцяж папулярнай пасля Памаранчавай рэвалюцыі.

Да бацькоў усцяж прыходзіць міліцыянт

У Беларусі я не быў ужо дзевяць з паловай гадоў. Да сёння перад выбарамі дахаты прыходзіць міліцыянт, размаўляе з бацькамі, ходзіць па суседзях, пытаецца, ці не бачыў хто мяне.

Бацькі прыязджаюць да мяне раз на год. З бабуляй я не бачыўся ўвесь гэты час. Дзед памёр. З далёкімі сваякамі таксама не бачыўся, але мы размаўляем праз скайп. У гэтым сэнсе было цяжка, але траціна жыцця ўжо пражытая ў Польшчы, таму звыкся.
На нядаўнім зʼездзе каліноўцаў пагутарыў з Інай Кулей (старшыня Камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасць». – рэд.), яна кажа, што вось Статкевіча выпусцілі, што новых палітычных Лукашэнку саджаць за краты невыгодна, яна мяркуе, што і маё пытанне таксама можа вырашыцца.

У мяне – дазвол на сталае жыхарства, праз дзевяць месяцаў я атрымаю польскае грамадзянства. Магчыма, змяню прозвішча і паеду ў Беларусь як паляк. Але ўсё роўна не наўпрост, а праз Расею. Вельмі хачу пабачыць родных. Але ў пракуратуры ў мяне ўзялі адбіткі пальцаў, і мяне могуць знайсці. Мяркую, што тэрміну мне не дададуць, проста прыйдзецца адседзець тое, што далі тады. Але з польскім грамадзянствам будзе прасцей, заўсёды змагу вярнуцца сюды.

На самым пачатку я прасіў пакінуць мяне ў Варшаве, але бюро праграмы скіравала мяне ў Беласток вывучаць менеджмент турызму. Вучобы я не скончыў, не здаў другой сесіі. Зрабіў перапынак і потым паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт на культуразнаўства на факультэце прыкладной лінгвістыкі. Скончыў бакалаўрыят і вырашыў зʼехаць у Кракаў, дзе стаў вывучаць гісторыю ў Ягелонскім універсітэце.

Падчас вучобы я стаў падпрацоўваць на адной міжнароднай старонцы як рэдактар: дадаваў туды навіны. Працаваў па 4-5 гадзінаў на дзень, таму гэта не замінала вучобе. Затое гэты досвед дапамог мне пасля ўніверсітэту – у Польшчы знайсці працу выпускнікам універсітэтаў цяпер вельмі складана.

Аб працы ў Польшчы

Калі я стаў шукаць працу, уцяміў, што ўсе прапановы – з Варшавы. Я стаў дасылаць шмат лістоў у сталічныя фірмы. Аднойчы я склаў асобнае CV і асобны матывацыйны ліст адмыслова для сайту Kwejk.pl, знайшоў адрас іх офісу, прыйшоў туды і заспеў там дырэктара. Я яму адразу сказаў, што лічу, што ім патрэбныя навіны з расейскага інтэрнэту, ён паслухаў, цалкам пагадзіўся і ўжо праз два тыдні запрасіў мяне на працу.

Я – адзін з дзевяці мадэратараў: дадаю матэрыялы, раблю гіфы з кадраў разнастайных фільмаў, заліваю фільмы на асабісты плэер, апрацоўваю фотаздымкі ў фоташопе. З намі працуюць таксама два графікі – калі трэба зрабіць з фатаграфіяй нешта сурʼёзнае, можна звярнуцца па дапамогу да іх. Мы працуем не толькі са смешнымі, але і з сурʼёзнымі навінамі. Цяпер, напрыклад, шмат чытаюць пра ўцекачоў. У Польшчы змянілася ўлада – пра гэта чытаюць. Што датычыць навінаў з Расеі, то палякі любяць глядзець аварыі з відэарэгістратараў.

Я раблю для старонкі вельмі шмат – здараецца, сяджу на працы і па 10 гадзінаў. З калегамі ў мяне выдатныя адносіны, я стаў часткаю калектыву. Напрыклад, апошні Дзень нараджэння я адзначаў на працы. Мы ходзім адзін да аднаго ў госці. Можам пайграць у X-box у офісе, у пятніцу дырэктар ставіць нам піва.

Калі б праграма Каліноўскага наагул не паўстала, у мяне было два варыянты. Першы – сядзець. Але дэградаваць можна канкрэтна пасля такога. Другі – хавацца ў Расеі. Я – з усходу Беларусі, мая маці ў свой час ездзіла ў Расею зарабляць, у яе там былі нейкія знаёмыя. Хутчэй за ўсё, цяперака б жыў і працаваў дзесьці там.

Меркаваў, што скончу вучыцца і паеду пасяджу

У Польшчы мне спадабалася прыгажосць, і ў той жа час нейкая прастата. Аўтамабілі тут прасцейшыя. Падаецца, Еўропа – трэба ездзіць на мерседэсах, але аказалася, што тут усе без пантоў. Дый і людзі самі па сабе прасцейшыя. Калі ў Беларусі нейкая бабка на кірмашы цябе зачэпіць торбай, яна ніколі не папросіць прабачэння, а тут – без пытанняў. Нават калі нейкі асілак незнарок зачэпіць дробнага хлопца, ён перапросіць. Культуры ў Польшчы болей.

Першыя тры гады ў Польшчы меркаваў, што скончу вучобу і паеду ў Беларусь пасяджу. Асаблівага выбару не было.

У Польшчы мне дапамагаў мой сябар, з якім мы разам ішлі паводле артыкулу, мы падтрымлівалі адзін аднаго. Дый наагул, беларусаў у Варшаве хапала. Неяк паступова прызвычайваўся. Знаходзіў нейкія падпрацоўкі, працаваў барменам. У мяне засталіся нейкія беларускія звычаі, зʼявіліся нейкія польскія.

Асабіста мне праграма вельмі дапамагла. Калі б яе не было, працаваў цяперака б якім-небудзь кіроўцам у Расеі.


Даведка «Белсату»

У сакавіку 2006 года польскі ўрад заснаваў 300 стыпендыяў для беларусаў, якія не маглі атрымаць адукацыю на радзіме. У першы год у польскія ўніверсітэты паехала вучыцца 244 каліноўца. Не ўсе з іх здалі першую сесію: падрыхтоўчыя курсы польскай мовы цягнуліся толькі два месяцы, уступных іспытаў не было – некаторыя трапілі на семінары да найлепшых польскіх прафесараў наўпрост з намётавага мястэчка. Зміцер Зубро летась абараніў магістарскую ступень па гісторыі ў Ягелонскім універсітэце і цяпер працуе мадэратарам аднаго з самых папулярных забаўляльных парталаў Польшчы.
 

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.