Праблему дыскрымінацыі абмеркавалі ў Брэсце (ФОТА)
У межах інфармацыйнай кампаніі “Разам супраць дыскрымінацыі” камітэт “Салідарнасці” арганізаваў сустрэчу з брэсцкімі актывістамі.
Мясцовы актывіст Сяргей Вакуленка на сустрэчу 13 cнежня запрасіў не толькі актывістаў, але і неабыякавых да гэтай праблемы брэстчукоў. У залі клуба “Прагрэс” сабралася больш за 50 чалавек.
Пра вынікі інфармацыйнай кампаніі за апошні год распавялі Іна Кулей, Тамара Сідарэнка і Людміла Ісакава. Выступоўцы распавялі пра выпадкі дыскрымінацыі на беларускіх прадпрыемствах сябраў незалежнага прафсаюза, пераслед выкладчыкаў ВНУ за палітычныя погляды, выкарыстанне прымусовай працы ў сістэме ЛПП.
Таксама былі прэзентаваныя і распаўсюджваліся дзевяць відаў буклетаў, прысвечаных розным відам дыскрымінацыі ў Беларусі. Прысутныя азнаёміліся з відэасведчаннямі ахвяраў дыскрымінацыі. Былі паказаныя адпаведныя відэаролікі.
Пасля прагляду стужак, адбылася ажыўленая дыскусія на тэму дыскрымінацыі працоўных за сваю грамадзянскую пазіцыю. Многія з прысутных былі пазбаўленыя працы за палітычныя погляды. Мінскім гасцям задавалася шмат тэматычных пытанняў.
Палітолаг Андрэй Фёдараў прэзентаваў праект Беларускага дома ў Варшаве “Беларусы выбіраюць Еўропу”. Прысутныя паглядзелі 10 тэматычных відэаролікаў, дзе ў нагляднай форме падавалася цікавая параўнальная статыстыка пра ўзровень дабрабыту, карупцыі, дынаміку эканамічнага росту ў Беларусі і краінах Еўразвязу. Пасля адбылася ажыўленая дыскусія.
Post new comment