Неабыякавыя людзі сабралі грошы для Ніны Багінскай
Сродкі збіраліся на куплю пральнай машыны і мікрахвалевай печы, якія былі канфіскаваныя судовымі выканаўцамі ў сям’і грамадскай актывісткі, легендарнага сцяганосца, пенсіянеркі Ніны Багінскай.
Сайт bydc.info нагадвае, што побытавая тэхніка забраная ў пенсіянеркі ў кошт выплаты штрафаў за ўдзел у несанкцыяваных акцыях апазіцыі. На дачныя ўчасткі пенсіянеркі накладзены арышт.
Збор сродкаў на куплю пральнай машынкі і мікрахвалевай печы для Ніны Багінскай, у якім удзельнічалі дзесяткі чалавек, арганізавала і правяла праваабаронца, актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Юлія Сцяпанава. Грошы на куплю пральнай машыны і мікрахвалевай печы ужо перададзеныя Ніне Багінскай.
«Гэтая мужная жанчына даўно стала сімвалам незалежнай Беларусі - вялікая колькасць бел-чырвона-белых сцягоў, пад якімі праходзяць акцыі і пікеты, - пашытыя яе рукамі. Гэта яна можа ў адзіноце разгарнуць бел-чырвона-белых сцяг на прыступках суда або прайсці з сцягам праз усю плошчу, не баючыся ні затрымання, ні рэпрэсій. Штрафаў за акцыі ў Ніны Багінскай «набегла» ужо на 40 мільёнаў. <…> Грошы на куплю пральнай машынкі і мікрахвалевай печкі ўдалося сабраць за 5 дзён! Вялікі дзякуй усім неабыякавым людзям! 7.080.000 перададзены сёння cпадарыне Ніне. У бліжэйшыя дні родныя Ніны набудуць новую тэхніку», - распавядае Юлія Сцяпанава.
Ніна Багінская прасіла перадаць усім, хто ўдзельнічаў у зборы грошай: «Я хачу сказаць вялікі дзякуй людзям за праяўленую салідарнасць! Шчыра кажучы, я не хацела прымаць гэтыя грошы - чаму хтосьці павінен ахвяраваць на тое, што ў мяне незаконна адабралі? Я хачу стварыць прэцэдэнт - буду змагацца да канца. Як толькі я здолею вярнуць канфіскаваную ў мяне тэхніку - гэтую я перадам іншым, якія жывуць у нястачы! Унучка, вядома, вельмі ўзрадуецца - гэта была яе машынка. Ёй цяпер даводзіцца ўручную сціраць адзежу для майго маленькага праўнука. Вялікі дзякуй!"
Post new comment