Юрысты заклікаюць спыніць ціск на Андрэя Бандарэнку
Шэраг вядомых беларускіх юрыстаў і актывістаў заклікалі спыніць ціск на вязня сумлення, праваабаронцу Андрэя Бандарэнку, які зараз адбывае пакаранне ў турме №4 Магілёва.
Адпаведная заява накіравана Генеральнаму пракурору, начальніку Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі, а таксама ў адрас прадстаўніцтва ЕС у Беларусі і шэраг міжнародных арганізацый.
Як паведаміў былы суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі Міхаіл Пастухоў, заява выкліканая пагаршэннем умоў утрымання Андрэя Бандарэнкі ў турме. Ад бацькі асуджанага, а пазней і з ліста самога Бандарэнкі, стала вядома, што 13 мая яму было вынесена дысцыплінарнае спагнанне за парушэнне рэжыму, а менавіта за тое, што ён у дзённы час прылёг на ложак. Пасля абвяшчэння спагнання ў камеры Бандарэнкі ўсталявалі відэаназіранне, на прагулкі сталі выводзіць у кайданках і ў суправаджэнні вартавога з сабакам. Па турэмных правілах ён на год пазбавіўся права на атрыманне рэчавых перадач, а таксама на спатканне з роднымі і блізкімі.
«На нашу думку, такія ўмовы адбыцця пакарання падпадаюць пад прыкметы катаванняў, указаных у артыкуле 1 «Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання», зацверджанай рэзалюцыяй 39/46 Генеральнай Асамблеі ААН ад 10 снежня 1984 года», — зазначыў Пастухоў.
Пад зваротам падпісаліся юрысты Міхаіл Пастухоў, Аляксандр Дабравольскі, Алег Волчак, Ігар Рынкевіч, Юрый Ваўчок, а таксама грамадскія актывісты Ілля Дабратвор, Ганна Шапуцька, Кацярына Садоўская, Валер Шчукін. Падпісанты выказалі пратэст у сувязі з дыскрымінацыйнай палітыкай у дачыненні да праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі і запатрабавалі ад уладаў Рэспублікі Беларусь забяспечыць для яго нармальныя ўмовы адбыцця пакарання.
Паводле novychas.by
Post new comment