У гарвыканкаме акапалася “пятая калона”?
Ужо па меншай меры двое удзельнікаў акцыі #бчбмабіль, якую ініцыявала Арт-сядзіба зазналі рэпрэсіі.
Міліцыянты затрымалі і прымусілі паехаць ва Упраўленне унутраных спраў Цэнтральнага раёна на разбіральніцтва таксоўшчыка Леаніда Кулакова, які начапіў на сваю машыну атрыманыя ў падарунак ад ініцыятараў акцыі бел-чырвона-белыя сцяжкі, а таксама часова арыштаваны аўтамабіль з такімі ж сцяжкамі Яўгена Батуры паводле падазрэння, што падобная машына знаходзіцца ў вышуку. У прыватнай размове пры затрыманні міліцыянты пагадзіліся, што Яўген нічога не парушыў, і дадалі: "але ж вы ведаеце якая ў нас сітуацыя ў краіне".
Пакуль праходзіла разбіральніцтва з Леанідам Кулаковым (яму інкрымінавалі парушэнне правілаў паркоўкі), сцяжкі з ягонай машыны, што знаходзілася на службовай стаянцы УУС, зніклі. Актывіст патрабаваў узбудзіць адміністратыўную справу па факту знікнення ягонай маёмасці і пакараць вінаватага, што міліцыянты з вялікай неахвотай зрабілі.
Як паведаміў Камітэту “Салідарнасць” Леанід Кулакоў, у прыватнай размове супрацоўнікі ДАІ далі зразумець, што распараджэнне прыняць меры да Кулакова паступіла з гарвыканкама. Верагодна ў міліцыю патэлефанаваў хтосьці з высокапастаўленых чыноўнікаў, калі убачыў на аўтамабіле нацыянальныя сцяжкі.
Паводле слоў супрацоўнікаў Арт-сядзібы, акцыя #бчбмабіль праходзіць у цэлым паспяхова. Усе сцяжкі разабраныя. Аўтамабілі з імі ездзяць па горадзе. Выказваецца меркаванне, што міліцыя чыніць перашкоды актывістам, якія ў яе на асаблівым рахунку, што безумоўна ніякім чынам сілавікоў не апраўдвае.
Узнікае пытанне, куды глядзяць кампетэнтныя органы, калі у Беларусі магчымая сітуацыя пераследу і цкавання грамадзян з падачы асобных прадстаўнікоў выканаўчай улады (калі гэта праўда) за праяўленне сапраўдных патрыятычных пачуццяў праз карыстанне нацыянальнымі сцяжкамі, якія з’яўляюцца сапраўдным сімвалам незалежнасці?
Post new comment