Веласіпедысты як лішнія людзі гораду
Апошнім часам аматарам самага экалагічнага віду транспарту жыць у Мінску становіцца ўсё цяжэй.
Правілы дарожнага руху фактычна выціснулі раварыстаў на ходнікі, якія ў большасці сваёй непрыстасаваныя для камфортнага перасоўвання на веласіпедзе. Да таго ж, прысутнасць раварыстаў на пешаходнай зоне з прычыны слаба развітай інфраструктуры ўсё часцей выклікае незадаволенасць пешаходаў, асабліва бацькоў з малымі дзецьмі. Дый самі пешаходы вельмі часта акупуюць роварныя дарожкі. Часам здараюцца сур'ёзныя канфлікты.
Гэта прыводзіць да таго, што ў шмат якіх публічных месцах (напрыклад, у некаторых парках адпачынку) уводзяцца абмежаванні на веласіпедны рух.
Не так даўно ў Мінску сталічная ДАІ аштрафавала веласіпедыста, які ехаў па веладарожцы, не трымаючы рукі на стырне, на адну базавую — 21 рубель. 24-га верасня на аўтара гэтых радкоў склалі пратакол за язду на ровары па праезнай частцы. "У апошні час колькасць веласіпедыстаў на дарогах значна павялічылася. Вырасла і хуткасць іх перамяшчэння. У сувязі з гэтым мы паступова ўзмацняем кантроль за гэтай катэгорыяй удзельнікаў дарожнага руху”, - адзначаюць у сталічнай ДАІ.
Фармальна, па законе Дзяржаўтаінспекцыя мае рацыю. Ёсць пункт 153.2 ПДР, згодна з якім рухацца на ровары, не трымаючыся за руль і не трымаючы ногі на педалях, забаронена. Раварыст таксама, згодна з ПДР, можа выязджаць на праезную частку толькі ў выпадку немагчымасці рухацца па ходніках. Але прыкра, што даішнікі палююць на веласіпедыстаў замест таго, каб максімальна ствараць камфортныя і бяспечныя умовы для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.
Post new comment