Чаму грамадзяне пабойваюцца міліцыі?

Час ад часу ў прэсу трапляюць паведамленні пра неабгрунтаванае ўжыванне гвалту і спецсродкаў супрацоўнікамі міліцыі ў адносінах да грамадзянаў.

Зусім нядаўні выпадак адбыўся 18 ліпеня. Увечары менчук Аляксей К. сустрэўся зь сябрам, каб адзначыць свой сямнаццаты дзень народзінаў. Тады хлопец упершыню пакаштаваў алькаголь. Празь некалькі гадзінаў ён ляжаў на падлозе аўтазака, зьбіты і закаваны ў кайданкі, а на твар лілася «цёплая вадкасьць».

Радыё Свабода сабрала 7 найбольш яскравых гісторый, з якіх вынікае, што ахвярамі праваахоунікаў перыядычна становяцца і грамадскія актывісты, і простыя грамадзяне, і нават журналісты.

2005. Жонку зніклага Святлану Завадскую ўдарыў амапавец

На Кастрычніцкай плошчы амапавец ударыў кулаком у твар Святлану Завадскую, жонку зніклага аператар АНТ Змітра Завадскага. Інцыдэнт адбыўся 7 ліпеня 2005 году, у пятую гадавіну знікнення, падчас пікету, у якім бралі ўдзел дзясяткі людзей. За пікетам назіралі журналісты, інцыдэнт быў зняты на фота і відэа, а расейскае тэлебачанне нават паказала пра гэта сюжэт у выпуску навінаў. На наступны дзень Святлана Завадская аднесла ў пракуратуру заяву аб завядзенні крымінальнай справы, але ёй адказалі, што нібыта гэта яна напала на міліцыянта ды яшчэ і параніла яму губу.

2000. Жонка экс-прэм’ера Чыгіра абаранялася, у выніку яе асудзілі

Сустрэчныя заявы кшталту «насамрэч гэта мяне збілі» — цяпер улюбёны прыём міліцыянтаў, каб пазбегнуць адказнасці за перавышэнне сваіх паўнамоцтваў. Першы такі выпадак з удзелам публічнага чалавека адбыўся яшчэ ў 2000 годзе. Падчас суду над былым прэм’ерам Міхаілам Чыгіром ягоную жонку Юлію на ганку суду схапіў ззаду афіцэр-міліцыянт. Абараняючыся, жанчына ўкусіла яго за вуха. Міліцыянт падаў на Юлію Чыгір у суд, і ёй прысудзілі ўмоўнае пакаранне, а сустрэчны пазоу Юліі Чыгір адхілілі.

2004. Палітык збіты, трапіў у шпіталь, на нырцы гематома

У 2000-х гадах амаль кожная вулічная акцыя пратэсту заканчвалася брутальным разгонам і збіццём актывістаў, даставалася ў тым ліку і лідэрам апазіцыйных арганізацыяў. Прыкладам, шмат разоў быў збіты лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Пасля разгону маршу 19 кастрычніка Анатоль Лябедзька трапіў у шпіталь з траўмамі. Праз тры дні ён распавядаў журналістам пра сваё здароўе: «Самае галоўнае — мяне запэўнілі, што нейкіх разрываў унутраных органаў няма. Ёсць гематома ныркі, да сёння яшчэ галава кружыцца. Баляць плечы, шыя, але нічога ўнутры не паламалі».

Лідэр АГП падаў заяву ў пракуратуру Ленінскага раёну Менску з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці амапаўцаў, якія яго збілі, але нічога з гэтага не атрымалася.

2006. Пацярпелы журналіст — прыкмета любой выбарчай кампаніі

Падчас кожнай палітычнай кампаніі, тым больш прэзідэнцкіх выбараў, ад міліцэйскага гвалту церпяць журналісты. Ім б’юць камеры на мітынгах, іх збіваюць у аўтазаках ці пастарунках пасля «хапуноў», лупяць проста па твары спадцішка падчас звычайнай працы. Менавіта гэтак здарылася ў час прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2006 году з журналістам «Комсомольской правды» Алегам Улевічам. Каля Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі Алег Улевіч рабіў фотаздымкі для рэпартажу пра затрыманні ўдзельнікаў вулічных акцыяў. Тут яго ўдарылі ў твар і потым яшчэ збівалі супрацоўнікі ў чорнай вопратцы. Журналіст трапіў у шпіталь са зламаным носам і страсеннем мозгу. «Людзей у чорным», якія напалі на Алега Улевіча, так і не знайшлі, хоць усё адбывалася ў зоне відэаназірання каля міліцэйскага пастарунку.

2010. За зламаную нагу — прэміі і ўзнагароды

Самым «ураджайным» на міліцэйскі гвалт стаў снежань 2010 году. Падчас разгону мітынгу пратэсту супроць фальшаваных прэзідэнцкіх выбараў былі зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў, калі міліцыянты збівалі ўдзельнікаў акцыі, журналістаў і выпадковых назіральнікаў. Бадай што найбольшы рэзананс атрымаў выпадак з удзельніцай мітынгу Марыяй Абромчык, якой міліцыянт ударам гумовай палкі зламаў нагу ўжо пасля таго, як дзяўчыну затрымалі. Марыя Абромчык трапіла ў шпіталь і доўга лячылася, але яе заява ў пракуратуру ніякага выніку не дала, як і заявы іншых, хто пацярпеў тады ад міліцэйскага гвалту. Па выніках разгону Плошчы шэраг міліцыянтаў, уключна з тагачасным міністрам Куляшовым, атрымалі прэміі і ўзнагароды.

2013. Справа вартаўніка Васіля Сарочыка, якога душылі пакетам

У 2013 годзе дзякуючы праваабаронцам з арганізацыі «Платформа інавэйшн», якую ўзначальваў Андрэй Бандарэнка, грамадскасці сталі вядомыя адразу некалькі фактаў збіцця міліцыянтамі простых затрыманых грамадзянаў, зусім не палітычных актывістаў. Гэта Ілля Зубеня зь Менску, Віктар Ламека з Зэльвы, Сяргей Хачатуран з Дзяржынску, браты Шкурко з Ліды.

А найбольшы рэзананс атрымала гісторыя вартаўніка адной зь менскіх аўтастаянак Васіля Сарочыка, які распавёў, як у міліцыі Ленінскага раёну сталіцы яму надзявалі на галаву поліэтыленавы пакет, дамагаючыся патрэбных следству паказанняў. Справа аб катаваннях Васіля Сарочыка, як і іншых пацярпелых, пра якіх згадвалі праваабаронцы, засталася нерасследаваная. «Мы канстатуем, што ні суды, ні следству, ні органы пракуратуры не імкнуцца да выяўлення праўдзівых фактаў таго, што адбылося, і пакарання вінаватых. Атрымліваецца, што законным спосабам ніводзін чалавек ня ў стане абараніць сябе ад самаўпраўнасці і замахаў на свае правы з боку супрацоўнікаў міліцыі», — казаў тады Андрэй Бандарэнка, які з 2014 году зноў апынуўся за кратамі.

2015 год. Самы «свежы прыклад» — збіццё праз кнігу ў Івацэвічах

У студзені стала вядома пра вынік справы аб збіцці супрацоўнікамі СОБРУ цяжарнай жыхаркі Мінску Кіры Цімохінай, якое адбылося ў верасні 2014 году. Міліцыянты ў адказ на заяву Цімохінай напісалі сустрэчную заяву, што яна нібыта аказвала ім супраціў пры затрыманні. У выніку следчыя справу па заяве Кіры Цімохінай не завялі, хоць і яе саму пераследаваць ня сталі.

25 студзеня ў Фрунзенскім судзе Мінску міліцыянты збілі актывістаў Паўла Сяргея, Максіма Шыціка і журналіста парталу Tut.by Паўла Дабравольскага. У пракуратуры Беларусі сказалі, што там справы на міліцыянтаў паводле падазрэнняў у перавышэнні паўнамоцтваў больш не заводзяць, на тое ёсць Следчы камітэт. У Следчы камітэт выклікалі на размовы журналіста Паўла Дабравольскага, а таксама Паўла Сяргея і Максіма Шыціка, але пакуль невядома, ці азначае гэта, што вядзецца праверка інцыдэнту.

А вось і выпадак, пра які стала вядома толькі ўчора, 27 студзеня. Жыхар Івацэвічаў Сяргей Дылюк трапіў у івацэвіцкую лякарню з страсеннем мозгу, сінякамі і кровападцёкамі. Сяргей Дылюк распавёў журналістам, што 23 студзеня да яго дадому прыехалі міліцыянты і адвезлі ў РАУС, дзе некалькі супрацоўнікаў яго збівалі, змушаючы прызнацца ў крадзяжы: «То нейкі ровар на мяне „вешалі“, потым нейкую прыстаўку. Я так разумею, тэлевізійную прыстаўку, якая яшчэ можа быць прыстаўка?.. Ну вось, пабілі-пабілі... Страсенне мозгу, ногі пабілі. Выбівалі на сваю карысць. То я і кажу, усё, давайце, я буду падпісваць, што браў я, і адчапіцеся ад мяне. У выніку апынуўся ў лякарні... Нагамі, кулакамі білі. Я памятаю раз ды праз раз. Быў упаў на лаўку, участковы выходзіў, ды яшчэ кулаком зверху стукнуў, і паплыло ўсё ізноў. Да галавы кніжку прыстаўлялі, і кулаком па кніжцы — на... Я галавой у сценку. Гестапа!», — распавёў пацярпелы ад гвалту.

Сяргей Дылюк напісаў заявы ў пракуратуру і Следчы камітэт, каб распачалі крымінальную справу па факце збіцця і пакаралі вінаватых.
 

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.