Стартаваў збор подпісаў салідарнасці з Эдуардам Пальчысам
«Працягваецца збор подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг, але з сёньняшняга дня на кожным пікеце пачынаецца збор подпісаў пад артыкулам Джона Сільвера «5 прычын, па якіх Украіна пераможа РФ», - напісаў Зміцер Дашкевіч у сацсетках.
Дадзены артыкул, тлумачыць Дашкевіч, адзін з дзевяці, якія суд прызнаў экстрэмісцкімі, што і інкрымінуецца Эдуарду Пальчысу ў віну. «Мы абралі гэты артыкул для падпісаньня, бо, па-першае, ён самы лаканічны, а па-другое, менавіта за супрацьстаяньне расейскай агрэсіі ва Украіне Эдуард Пальчыс і быў заваблены ў Расею і там арыштаваны», — піша ён.
Планавалася, што перад пачаткам суда адвакат Эдуарда будзе хадайнічаць далучыць падпісаны іншымі людзьмі артыкул «5 прычын…» да матэрыялаў крымінальнай справы.
13 кастрычніка ў Мінску было пяць пікетаў, на якіх можна было паставіць свой подпіс за #нашсцяг і адначасна пад артыкулам Джона Сільвера «5 прычын, па якіх Україна пераможа РФ».
14 кастрычніка, калі Мінскі гарадскі суд у закрытым рэжыме пачаў разглядаць крымінальную справу аўтара сайта 1863x.com, збор подпісаў салідарнасці працягваўся перад будынкам суда. Таксама перад будынкам суда быў зладжаны пікет салідарнасці. Як праходзілі слуханні, невядома, бо ўдзельнікі працэсу былі папярэджаны пра адказнасць за разгалошванне інфармацыі. Другі дзень слуханняў адбудзецца 17 кастрычніка.
Нагадаем, Эдуарда Пальчыса вінавацяць у распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў (арт. 343 КК). Пальчыс быў затрыманы ў Расіі, потым перададзены ў Беларусь, і ўжо 9 месяцаў, колькі ішло следства, знаходзіцца за кратамі. Праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса палітзняволеным.
Post new comment