У Горадні маладыя бацькі намагаюцца стварыць беларускамоўную групу ў дзіцячым садку
Маладая сям’я выступіла з ініцыятывай стварыць другую ў Горадні беларускамоўную дзіцячую групу ў адным з дзіцячых садкоў у раёне вуліц Рэпіна, Вольгі Саломавай і Фолюш. Маці паўтарагадовага Янкі, Аксана Станкевіч разам з мужам ужо цяпер клапоцяцца пра тое, у які садок адправіць сваё дзіця ў наступным годзе.
«Мы — беларускамоўная сям’я. Наш малы з першых дзён жыцця чуе менавіта беларускую мову. Яго першыя словы таксама былі «мама» і «тата». І калі нехта скажа яму, што гэта «папа», Янка не зразумее, што адбываецца. Таму мы вырашылі, каб прынамсі дашкольную адукацыю наш сынок атрымаў на беларускай мове. Яму нашмат лягчэй будзе стасавацца з дзеткамі, якія будуць яго разумець і якіх зможа разумець ён сам. На жаль садок №45 з беларускамоўнай групай знаходзіцца ад нас вельмі далёка і таму мы спрабуем зрабіць нешта аналагічнае ў нашым раёне», — кажа маці Янкі.
Аксана Станкевіч разам з мужам звярнуліся ў аддзел адукацыі, дзе бацькам параілі сабраць 7—8 асобаў. Цяпер бацькі чакаюць, пакуль назбіраецца патрэбная колькасць людзей, каб разам вызначыцца, які дзіцячы садок будзе найбольш зручным для ўсіх. У аддзеле адукацыі паведамілі, што абраць садок можна будзе самастойна, галоўнае — сабраць ахвотных.
Распаўсюджваць інфармацыю бацькі пачалі ў сацыяльных сетак, дзе размясцілі сваю аб’яву. На дадзены момант адгукнуліся дзве асобы. «Праблема менавіта ў тым, каб нехта далучыўся. Гэта будзе адна групка ў межах аднаго дзіцячага садка, і, калі звычайна ў групе 25-30 чалавек, то хутчэй за ўсё мы столькі не назбіраем. Гэта амаль немагчыма, калі рэальна ацэньваць абстаноўку. Хутчэй за ўсё, там будзе да 10-ці дзетак і выхавацель зможа больш часу прысвяціць кожнаму дзіцяці. Дзеткі будуць больш дагледжаныя. Гэта адна з вялікіх перавагаў, дзеля якой варта да нас далучыцца», — заахвочвае маці Янкі.
Акрамя таго моцным аргументам на карысць такой групы з’яўляецца статыстычна меншая колькасць захворванняў у дзетак. «Калі менш дзяцей, то адпаведна менш носьбітаў вірусаў. Дзеткі стасуюцца вузкім колам, размаўляюць, гуляюць паміж сабою. Мінулая практыка беларускамоўнай дзіцячай групы аказалася паспяховай».
«З выхавальніцай таксама не павінна ўзнікнуць складанасцяў, — лічыць Аксана Станкевіч. — У аддзеле адукацыі нам патлумачылі, што яны могуць забяспечыць працаўніка або мы можам знайсці яго самастойна. Нашыя папярэднікі шукалі шляхам расклейвання аб’яў на філфаку і педуніверы. І ў выніку знайшлі дзяўчыну, якая пачала працаваць з беларускамоўнай групай. Усё ж такі зараз эканамічны крызіс, людзі шукаюць працу і часта без поспеху, таму, думаю, гэта не праблема».
«Што да выхавання, мне б хацелася, каб дзеткам чыталі беларускія казкі. Я лічу, што ў Беларусі ўвогуле цяпер вялікая праблема з дзіцячымі кніжкамі на беларускай мове. Янка напрыклад больш за ўсё любіць цацкі і кніжкі з гукамі. У адной кніжцы, напрыклад, гучаць вершыкі, але па-расейску. Мы ўсё ж такі імкнемся набываць нешта беларускае, нейкія пластыкавыя цацкі беларускай вытворчасці, але недахоп адчуваецца. Усё роўна, галоўнае для нас — гэта дачыненні на беларускай мове паміж дзеткамі і выхавацелем».
Больш падрабязна на nn.by
Post new comment