Раней саджалі, цяпер штрафуюць

Праваабаронцы занепакоеныя практыкай масавага выстаўлення ўладамі штрафаў грамадскім актывістам за актыўны ўдзел у мірных акцыях і рэалізацыю права на свабоду выказвання ўласных меркаванняў.

Калі ўлады, каб залагодзіць Еўразвяз, адмовіліся ад такога калісьці вельмі папулярнага інструмента рэпрэсій як сутачныя арышты, то зараз яны, каб сцішыць супраціў, напоўніцу выкарыстоўваюць фінансавую ўдаўку.

Колькасць прысудаў, у якіх прадугледжваецца пакаранне штрафам, а таксама памеры гэтых штрафаў сёлета ўражваюць. Паводле некаторых ацэнак, за апошнія тры гады агульная сума штрафаў па адміністрацыйных справах супраць грамадскіх актывістаў патроілася.

За сухімі лічбамі схаваныя чалавечы драмы. У сям’і Алеся Макаева дайшло да канфіскацыі маёмасці. З кватэры, дзе пражывае ягоная жонка і маленькая дачка забралі посудамыйку, пралку і тэлевізар. Нешта з забранага з вялікімі намаганнямі ўдалося вярнуць. У легендарнай пенсіянеркі Ніны Багінскай, якая на кожную акцыю прыносіць вялізны б-ч-б сцяг, канфіскавалі лецішча і выставілі яго на продаж.

Як паведамляе ПЦ “Вясна”, у кастрычніку практыка штрафаў за мірныя сходы і выказванне свайго меркавання захавалася.

3 кастрычніка суд Маскоўскага раёна разгледзеў адміністрацыйную справу па арт. 23.34 КаАП у дачыненні да актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Арцёма Чарняка, які 7 верасня вывесіў банер з надпісам "За новыя свабодныя выбары" на пешаходным мосце МКАД, чым, на думку ўладаў, парушыў закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь". Арцём Чарняк сваю віну ў судзе не прызнаў, адзначыў, што вывешваннем банера выказаў сваё асабістае меркаванне, права на якое замацаванае ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Аднак суддзя Аляксандр Петраш палічыў, што актывіст вінаваты ў адміністрацыйным правапарушэнні і аштрафаваў Арцёма Чарняка на 25 базавых велічыняў (525 рублёў).

Судамі разгледжаны некалькі адміністрацыйных справаў у дачыненні да актывістаў, якія збіралі подпісы ў розных месцах г. Мінска за прызнанне бел-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Адміністрацыйная справа Алеся Макаева і Змітра Захарэвіча разглядалася ў судзе Кастрычніцкага раёна Менска 6 кастрычніка. Адпаведны пратакол на актывістаў быў складзены проста падчас збору подпісаў у пераходзе на станцыі метро "Інстытут культуры". Супрацоўнікі міліцыі Кастрычніцкага раёна — маёр Коўб, які складаў пратакол, а таксама Лаўрыновіч і Якуновіч, якія здымалі іх на відэа — выступілі сведкамі ў судзе супраць актывістаў. Суддзя Віталь Сямёнаў у выніку разгляду справы прызнаў актывістаў вінаватымі ў паўторным парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (ч. 3 арт. 23.34 КаАП) і пакараў штрафамі: Алеся Макаева — 50, а Дзмітрыя Захарэвіча — 30 базавых велічынь.

Суд Маскоўскага раёна г. Мінска аштрафаваў актывістку Наталлю Саматыя на 50 базавых велічынь (1050 рублёў) за ўдзел у акцыі "Праспект нацыянальнага сцяга". Такое рашэнне 21 кастрычніка прыняў суддзя Віктар Казак.

Актывіста Сяргея Пальчэўскага ў пачатку месяца на працягу тыдня аштрафавалі двойчы ў агульнай складанасці на 80 базавых велічынь, што складае 1 680 рублёў: 6 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна Менска разглядалася справа аб удзеле Сяргея Пальчэўскага ў правядзенні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў 23 і 24 верасня. Актывіста абвінавацілі ў тым, што ён, не маючы дазволу Мінгарвыканкама, размясціў стэнд з выявай бел-чырвона-белага сцяга ў пераходзе каля станцыі метро "Кастрычніцкая" і збіраў подпісы з мэтай прызнання сцяга гістарычнай каштоўнасцю. А ў канцы месяца, 31 кастрычніка, яму ж суд Цэнтральнага раёна Менска вынес пастанову аб пакаранні штрафам у памеры 50 базавых велічынь, што складае 1 050 рублёў. У судзе разглядаліся адразу шэсць (!) пратаколаў правапарушэнняў па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — зборы подпісаў. Суддзя аб'яднаў усе эпізоды ў адзін і разгледзеў адміністрацыйную справу, заслухаўшы сведкаў — супрацоўнікаў міліцыі, якія і складалі пратаколы.

Правесці мірны сход ці пікет ва ўстаноўленым законам парадку аказваецца немагчымым.
Улады выкарыстоўваюць самыя розныя фармулёўкі, каб не дазволіць акцыю. Напрыклад, адміністрацыі раённых цэнтраў Гомельскай вобласці забаранілі праводзіць на цэнтральных плошчах сваіх гарадоў пікеты, якія планавалася правесці з 20 па 23 кастрычніка з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да неабходнасці абароны незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. У Ветцы мясцовыя улады вымагаюць ад заяўнікаў аплаты міліцыі, хуткай дапамогі і мясцовых камунальнікаў. Улады часта выстаўляюць дадатковыя умовы і патрабаванні (шэсце на “Дзяды” па Мінск і Мінскаму раёну). Гэта - заключэнне пагадненняў аб ахове грамадскага правапарадку падчас правядзення мерапрыемства з аплатай аказаных паслугаў, а таксама заключэнне дамоваў аб аказанні платных паслугаў па медыцынскім абслугоўванні і ўборцы тэрыторыі пасля шэсця і мітынгу. Агульная сума аплаты па такіх "сумніўных" паслугах складае звычайна некалькі тысяч рублёў (3-5 тысяч долараў).
 

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.