Заўтра суд над Уладзімірам Кондрусем
Слуханні па справе ўдзельніка акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Уладзіміра Кондруся пачнуцца 16 лістапада ў 10.30 у судзе Маскоўскага раёна горада Мінска.
Ягоную справу будзе разглядаць суддзя Святлана Бандарэнка.
На фотаздымках з акцыі пратэсту 2010 года бачна, як Уладзімір Кондрусь не стрымаў эмоцый і, паддаўшыся на правакацыі спецслужбаў, прыняў удзел у праславутым біцці вокнаў Дома ўраду, што паспрыяла стварэнню добрай "карцінкі" для праўладнай прапаганды і нагодай да завочнага залічэння некаторымі дэмакратычнымі актывістамі ў правакатары самога Кондруся. Уладзімір Кондрусь прыходзіў на акцыі апазіцыі як удзельнік у наступныя гады і перыядычна трапляў у аб'ектывы фатографаў. Урэшце-рэшт яго асобу ідэнтыфікавалі і сёлета, 14 чэрвеня затрымалі. Кондрусь абвінавачваецца паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса «Масавыя беспарадкі», па якім у 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны (усе яны пад ціскам міжнароднай супольнасці вызвалены). На час следства Кондрусь утрымліваецца ў СІЗА №1 г. Мінска.
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным і патрабуе ад уладаў спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго і неадкладнага вызвалення з-пад варты.
Post new comment