Беларускамоўнага мытніка будуць судзіць 18 лістапада
Сапраўднага адраджэнца беларушчыны, краязнаўцу Алеся Юркойця пачнуць судзіць у раённым судзе Партызанскага раёна 18 лістапада а 10-й раніцы.
Больш за паўтара года таму Алесь Юркойць быў затрыманы ў складзе усёй змены ашмянскіх мытнікаў. З таго часу ён знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. На гэты момант следчыя дзеянні скончаныя, змену падзялілі па розных мінскіх судах, паведамляе Радыё Свабода.
Неабыякавыя да нацыянальнай гісторыі і культуры людзі ужо не раз у сацыяльных сетках выказваліся ў падтрымку Алеся Юркойца. “Алесь Юркойць - самы беларускамоўны мытнік краіны. Завадатар культурнага жыцця на Астравеччыне. Сябра соцень, калі ня тысяч людзей, многім зь якіх празь яго адкрылася Беларусь, якія ўбачылі і палюбілі сваю краіну”, - адзначаў у сваім эсэ Сяргей Дубавец. Напярэдадні судовых слуханняў вядоўца і натхняльнік курсаў “Мова нанова” Глеб Лабадзенка заявіў, што абавязкова прыйдзе на суд, каб падтрымаць шчырага абаронцу беларускай мовы і культуры. Падтрымаць Алеся на адкрытым судовым паседжанні могуць іншыя нераўнадушныя людзі.
Post new comment