Палітыкі і грамадскія дзеячы складуць спіс палітрэпрэсаваных
У Мінску ў сядзібе ПБНФ адбыўся форум па пытанні пераследу грамадзян па палітычных матывах.
Каб абмеркаваць пытанні, звязаныя з палітвязнямі ды іншымі момантамі палітычнага ціску ў краіне сабраліся палітыкі, грамадскія дзеячы ды былыя палітзняволеныя. Мадэратарам сустрэчы выступіў адзін з лідараў БХД Павал Севярынец, паведамляе "Новы час".
Час сустрэчы быў абраны невыпадкова: акурат скончыўся працэс над блогерам Эдуардам Пальчысам, пры гэтым пачаўся разгляд справы апошняга “вязня Плошчы-2010” Уладзіміра Кондруся. Наперадзе — суд над грамадскім актывістам з Астраўца Алесем Юркойцем.
Мікалай Статкевіч адзначыў, што “нельга дэвальваваць паняцце “палітвязень”. Палітык таксама адзначыў, што да палітвязняў варта залічваць адпушчаных з турмы, але абмежаваных “хатняй хіміяй” актывістаў, напрыклад, Пальчыса ды Паліенку.
Са Статкевічам пагадзіўся лідар Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч, дадаўшы сваю характарыстыку сённешняй “лібералізацыі” ў краіне:
“Рэжым нібыта ідзе на саступкі перад дэмакратычным светам, — тлумачыць Губарэвіч, — але гэта не змяняе яго сутнасці. Стала значна больш шматмільённых штрафаў, якія захоўваюць атмасферу страху. Некалькі месячных заробкаў бяруць у чалавека за тое, што ён меў смеласць пратэставаць. Перш за ўсё тут патрэбная салідарнасць”.
Юрыст Міхаіл Пастухоў наадварот прапанаваў пашырыць паняцце “палітвязень”, якое мела б распаўсюджвацца і на пакараных у адміністратыўным парадку:
“Усе, каго пераследуюць па палітычных матывах — палітвязні. Рэпрэсаваных адміністратыўным чынам таксама трэба ўключаць. Варта таксама памятаць, што ўлады часта хочуць закамуфляваць пераслед. Прыклад — справа Бандарэнкі ды іншыя правакацыі. Трэба разбірацца ў кожным канкрэтным выпадку”.
Грамадскасць усё ж такі схілілася да таго, каб не блытаць палітвязняў з тымі, хто трапіў пад палітычны ціск у іншай форме. Пры гэтым вырашана скласці “Спіс палітрэпрэсаваных”, то бок пакараных паводле адміністратыўных артыкулаў ды агучваць яго на сустрэчах з замежнымі дыпламатамі.
Грамадская актывістка Ганна Шапуцька звярнула ўвагу на дзесяткі актывістаў, пацярпелых ад рэжыму, якія дагэтуль застаюцца паза межамі ўвагі СМІ:
“Людзі, якія займаюцца палітыкай — навідавоку. Калі нешта здараецца — адразу ідзе розгалас. Але шмат пра каго мы не ведаем: футбольныя фанаты, антыфашысты, анархісты… На тых жа фанатаў ідзе вельмі моцны ціск, бо ўлада разумее, што ў выпадку чаго яны выйдуць на майдан. Матыў улады для рэпрэсій супраць іх — палітычны”.
Праваабаронца Алег Волчак звярнуў увагу на ўсё большае свавольства з боку АМАПу, на якое нельга глядзець скрозь пальцы:
“Тое, што зрабілі з Дашкевічам — гэта крымінальнае злачынства, — тлумачыць Волчак, — Трэба вярнуцца да пытання санкцыяў, бо з правамі чалавека нічога не палепшылася. Трэба рабіць публічны спіс АМАПаўцаў, заўважаных у падобных дзеяннях. Гэта маральны ціск, але што рабіць? Трэба рыхтавацца, бо паслабленняў не будзе”.
Павал Севярынец яшчэ раз звярнуў увагу на справу Кондруся, які трымаў галадоўку ды парэзаў вены падчас першага паседжання суда на знак пратэсту.
“…Зараз два тыдні будзе трываць псіхалагічная экспертыза, суд пачнецца толькі пасля яе, — распавядае Севярынец, — Малайчына! Ён зламаў сцэнар улады, ускрыўшыся ў зале суда. Дарэчы, аказалася, што вельмі сціпла жывуць ягоныя бацькі. У зал суда Кондруся даставілі ў шлёпанцах! То бок сітуацыя цяжкая... Трэба збіраць грошы на падтрымку”.
Паводле палітыка, Кондрусю не даходзяць лісты і паштоўкі. Але астатнім палітвязням пісаць варта і трэба: гэта вельмі важны момант падтрымкі.
Напрыканцы Севярынец заклікаў усіх прыйсці на адкрыты суд над Алесем Юркойцем, які пачнецца 18 лістапада ў Судзе Партызанскага раёну па вул. Сямашкі, а 10-й гадзіне.
Post new comment