Змяненні ў законе «Аб абароне правоў спажыўцоў» могуць замацаваць статус беларускай мовы як непатрэбнай
Цяпер заканадаўства такое, што ў беларускіх крамах прадаюцца прадукты з надпісамі па-казахску, па-грузінску, па-руску, па малдаўску, але не па-беларуску.
У лютым гэтага года «Наша Ніва» звярталася да тэмы прысутнасці беларускай мовы на пакунках тавараў, што рэалізуюцца ў Беларусі. Тады мы паведамлялі, што на гэты год запланаваны разгляд зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў», дзе ёсць артыкул, які агаворвае мовы тэкстаў на ўпакоўках і ў суправаджальных дакументах. Унясенне закона на разгляд парламента павінна адбыцца ўжо ў гэтым месяцы. Ці ж з’явіцца ў законе патрабаванне інфармаваць спажыўца аб таварах і паслугах на абедзвюх дзяржаўных мовах? Усе «за», але…
Прапанову каардынатара грамадскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску» Ігара Случака лічылі слушнаю многія прадпрыемствы. Так, да прыкладу, кіраўніцтва Гомельскага тлушчавага камбіната ў сваім адказе сцвярджае: «Заканадаўства адной дзяржавы—члена ЕАЭС (Рэспублікі Беларусь) павінна быць гарманізавана з заканадаўствам іншых дзяржаў-членаў. Дзе, напрыклад, інфармацыя аб таварах, вытворцах выкладаецца на дзвюх мовах: замежнай і нацыянальнай, таму прапанова па змяненні заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў мае пад сабой падставу».
Прапанову аб двухмоўным аздабленні прадукцыі адназначна падтрымаў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Ён паведаміў, што «ўнясенне дадзеных змен у закон будзе садзейнічаць забеспячэнню моўных правоў беларускіх спажыўцоў, раўнапраўнаму становішчу Беларусі як самастойнага суб’екта Мытнага саюза, а таксама замацаванню станоўчага міжнароднага іміджу нашай краіны».
Прапановы аб двухмоўным аздабленні ўпаковак тавараў падтрымала і большасць таварыстваў спажыўцоў, да якіх звяртаўся гомельскі актывіст.
Але, як аказалася, усе надзеі, гэтак жа як і меркаванні і адэкватных вытворцаў і тых, хто вывучае моўнае становішча ў краіне на навуковай аснове, папросту разбіліся аб інтарэсы гандляроў. Менавіта Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю рыхтуе змяненні ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». І яно зусім нядаўна даслала Ігару Случаку адказ на ўсе звароты, якія ён амаль цэлы год накіроўваў у самыя розныя органы дзяржаўнай улады — ад Адміністрацыі прэзідэнта да Савета міністраў Беларусі.
Мінгандлю лічыць, што змяшчэнне на ўпакоўках і ў тэхпашпартах тавараў тэкстаў на беларускай мове дадаткова да расійскамоўных выкліча для беларускіх вытворцаў істотныя страты. А яны, на думку гандлёвага ведамства, з’яўляюцца немэтазгоднымі.
Пасля ўвядзення ў дзеянне Тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза, якія прадугледжваюць абавязковую наяўнасць на ўпакоўках расійскай мовы, а беларуская можа быць выкарыстаная толькі пры асаблівым жаданні вытворцы як дапаўняльная, фактычна парушанае дэклараванае нашымі ўладамі раўнапраўе беларускай і расійскай моваў. На гэты факт і звяртаў увагу зацікаўленых ведамстваў Ігар Случак у сваіх зваротах. Але гандлёвых чыноўнікаў такое становішча ані не бянтэжыць. У адказе Мінгандлю гэтая акалічнасць увогуле праігнараваная.
Пры гэтым у якасці аргументаў супраць унясення, здавалася б, лагічных у існуючай сітуацыі змяненняў у закон Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прыводзіць пазіцыі не спажыўцоў, а выключна толькі вытворцаў. Хаця з самое назвы закона вынікае, што абараняць ён мусіць правы менавіта спажыўцоў.
Прапановы Случака, як паведамляе Мінгандлю, разгледжаныя на пасяджэнні Грамадска-кансультацыйнай рады, створанай пры міністэрстве, а таксама былі накіраваныя ў Міністэрства прамысловасці, канцэрны «Белдзяржхарчпрам», «Беллеспаперапрам», «Беллегпрам», «Белнафтахім», аблвыканкамы і Мінгарвыканкам, і тыя выказалі свае меркаванні. А яны зводзяцца да таго, што змяшчэнне беларускамоўнай інфармацыі на ўпакоўках немэтазгоднае, бо выкліча дадатковыя выдаткі на пераклад і ўзгадненне тэкстаў, на распрацоўку новага дызайну ўпаковак і этыкетак. Акрамя таго, як сцвярджае Мінгандлю са спасылкай на іншыя ведамствы, на ўпакоўках многіх тавараў на беларускую мову папросту не хопіць месца!
З усяго вынікае, што органы дзяржаўнай улады, і ў прыватнасці Савет міністраў, які валодае правам заканадаўчай ініцыятывы і будзе выносіць праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў» у Палату прадстаўнікоў, адмаўляюцца прапаноўваць на разгляд парламента папраўкі аб выкарыстанні адразу дзвюх дзяржаўных моваў у вонкавым аздабленні тавараў, што купляюць беларусы.
Пры гэтым яны ані не клапоцяцца тым, што парушаюць дэклараваны прынцып раўнапраўя беларускай і расійскай моваў, што пазбаўляюць спажыўца, як слабы бок у юрыдычным сэнсе ў гэтай сітуацыі, гарантаванага Канстытуцыяй права выбару мовы зносінаў з вытворцам.
Калі гэтыя прапановы не будуць унесеныя, то нават тыя дэпутаты, якія пісьмова абяцалі іх падтрымаць, папросту не атрымаюць такога шансу.
Адзіная надзея тых, для каго беларуская мова не стала чужой, а застаецца мовай штодзённых зносінаў, тых, каму зручней успрымаць інфармацыю на сваёй роднай мове, — права заканадаўчай ініцыятывы дэпутатаў парламента.
Ніводзін дэпутат, да якога звяртаўся Ігар Случак, не ўзяўся за ажыццяўленне заканадаўчай ініцыятывы па ўнясенні моўных зменаў у закон, хаця такім правам валодаюць усе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Тым не менш, нават у адказах тых трынаццаці парламентарыяў, якія адрэагавалі на звароты Случака і паабяцалі падтрымаць змены ў бок абавязковай прысутнасці ў аздабленні ўпаковак тавараў дзвюх дзяржаўных моваў, прысутнічае аднолькавая фраза «калі яны будуць унесеныя на разгляд дэпутатаў».
Тым не менш, людзі, неабыякавыя да стану беларускай мовы ў нашай краіне, спадзяюцца, што змены закона аб абароне іх правоў як спажыўцоў закрануць і моўную сферу. І пасля ўнясення зменаў хаця б у гэты закон яны атрымаюць магчымасць бачыць на таварах, якія рэалізуюцца ў Беларусі, сваю нацыянальную мову. Цяпер гэта залежыць выключна ад дэпутатаў беларускага парламента.
Магчыма, вы зможаце данесці сваё меркаванне да дэпутатаў, даслаўшы свае звароты на сайце Палаты прадстаўнікоў. Мы б раілі даслаць копіі гэтых зваротаў на пошту дэпутаткі Алены Анісім [email protected].
Паводле nn.by.
Post new comment